Лясгасы Віцебскай вобласці пачалі падрыхтоўку да пажаранебяспечнага сезона

Супрацоўнікі лясгасаў Віцебскага ДВАЛХА да 1 сакавіка завершаць падрыхтоўку да пажаранебяспечнага сезона, паведаміў начальнік аддзела аховы і абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Віцебскага ДВАЛХА Уладзімір Конькаў.

Цяпер у лясгасах і лясніцтвах Віцебскага ДВАЛХА праходзяць навучанне лесапажарныя каманды, якія асвойваюць пажарна-тэхнічны мінімум. Гэта звод правілаў і інструкцый па дзеяннях у выпадку ўзнікнення і тушэння пажару. "У Віцебскай вобласці пажаранебяспечны перыяд пачынаецца, калі сыходзіць снег. З улікам зім апошніх гадоў гэты час прыпадае на сакавік. Перш за ўсё нам неабходна праверыць тэхнічны стан 84 пажарных машын, інвентар і абсталяванне, замацаваных за пажарна-хімічнымі станцыямі лясгасаў", - распавёў Уладзімір Конькаў.

У распараджэнні работнікаў лесу маюцца і іншыя тэхнічныя сродкі. У 2020 годзе завяршылася праграма будаўніцтва пажарна-назіральных вышак і мачт. Цяпер іх у вобласці 92. Супрацоўнікі дзяржаўнай лясной аховы амаль цалкам могуць кантраляваць лясны фонд Віцебшчыны. Дапамагаюць сачыць за абстаноўкай 99 камер відэаназірання, устаноўленых на вышках, мачтах і іншых вышынных аб'ектах. Такое абсталяванне дазваляе хутчэй выявіць ачаг узгарання. З гэтай жа мэтай у лясгасах вобласці выкарыстоўваюць і 16 квадрокоптэраў.

Таксама ў лясніцтвах рэгіёну распрацоўваюцца маршруты патрулявання, складаюцца графікі рэйдавых мерапрыемстваў для кантролю стану лясоў. Для больш аператыўнага паведамлення ў работнікаў лесу маюцца сродкі радыёсувязі. "У планах на гэты год перавесці некаторыя лясгасы на новую сістэму радыёсувязі. Плануецца набыць сучасныя сродкі фотавідэафіксацыі для больш паспяховага выяўлення і спынення парушэнняў у лясах", - адзначыў Уладзімір Конькаў.

БЕЛТА.