Лясгасы Віцебскай вобласці плануюць экспартаваць у Расію каля 2 тыс. навагодніх елак

Лясгасы Віцебскай вобласці плануюць экспартаваць у Расію за перадсвяточныя дні каля 2 тыс. елак, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай аб'яднання Алег Грыцкевіч.

Першую партыю дрэў (300 елак агульным коштам 1,5 тыс. еўра) на бягучым тыдні ў Санкт-Пецярбург адправіў Глыбоцкі доследны лясгас. У Бранск Лёзненскі лясгас адгрузіць 500 дрэў. Перамовы аб пастаўках вядуцца і іншымі лясгасамі вобласці.

Активныя продажы елак пачаліся таксама ў Віцебскай вобласці. Розным прадпрыемствам, арганізацыям, установам культуры, адукацыі і іншых сфер прадпрыемствамі ПЛХА ўжо рэалізавана 2,6 тыс. навагодніх дрэў на суму звыш Br80 млн. Усяго за дні, што засталіся снежня, лясгасы плануюць рэалізаваць насельніцтву больш за 40 тыс. дрэў, у тым ліку 500 блакітных елак у кадках Глыбоцкага доследнага лясгаса. "Апошнія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю, бо пасля завяршэння навагодніх святаў яны цалкам могуць дачакацца вясны на балконе, каб затым упрыгожыць сабой фазенды гараджан. На таргах летась увесь нарыхтаваны для продажу аб'ём блакітных елак у кадках (больш за 100) быў рэалізаваны за лічаныя гадзіны", - адзначыў Алег Грыцкевіч.

Масавыя распродажы пройдуць у рэгіёне 22, 23, 29 і 30 снежня. Рэалізацыя будзе ажыццяўляцца ва ўсіх гарадах, раённых цэнтрах, аграгарадках і буйных населеных пунктах. У Віцебску сетка ёлачных базараў уключае 19 кропак, якія ахопліваюць увесь горад, у тым ліку раёны-новабудоўлі. Найбольш буйныя ёлачныя базары размесцяцца па вуліцы Леніна, на Смаленскім і Полацкім рынках, Пралетарскай плошчы.

Кошт галоўнага атрыбута Новага года да 1 м складзе Br40 тыс., 1-2 м - Br50 тыс., 2-3 м - Br75 тыс., 3-4 м - Br122 тыс., 4-5 м - Br190 тыс.

Алег Грыцкевіч таксама нагадаў аб адказнасці за самавольную высечку дрэў. У мэтах аховы елачных насаджэнняў у апошняй дэкадзе снежня будзе праводзіцца патруляванне лясоў. У рэйдавыя групы акрамя работнікаў лясгасаў увойдуць супрацоўнікі ДАІ, падатковых органаў, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іншых зацікаўленых ведамстваў.

БЕЛТА