Лясгасы Віцебскай вобласці плануюць сабраць каля тоны вешанак сёлета

24 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лясгасы Віцебскай вобласці плануюць сабраць каля адной тоны ўраджаю вешанак у гэтым годзе. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (АВЛГА) Алег Грыцкевіч. Першая партыя грыбоў работнікамі лясгасаў будзе сабрана ўжо ў пачатку чэрвеня. Усяго ўраджай гэтага сезона чакаецца на ўзроўні тоны, сказаў Алег Грыцкевіч, адзначыўшы, што попыт на дадзеную прадукцыю ёсць: актыўную зацікаўленасць у пастаўках айчынных вешанак праявілі прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання вобласці. "Увосень мы правядзем аналіз вынікаў работы па вырошчванні вешанак, на падставе якога будуць выпрацаваны планы па павелічэнні плошчы дзеючых і закладцы новых прамысловых плантацый гэтых грыбоў на 2012 год", - дадаў суразмоўца. Прамысловыя плантацыі па вырошчванні грыбоў вешанак упершыню былі закладзены ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе ў Лепельскім (0,5 га), Суражскім (0,3 га) і Лёзненскім (0,5 га) лясгасах. Для іх размяшчэння выбраны спецыяльныя месцы з прарэджанымі насаджэннямі і прыдатнай глебай. Грыбніцы для вытворчасці вешанак закупляліся ў Інстытуце лесу НАН Беларусі (Гомель). Рэгулярны паліў і ахову грыбоў ажыццяўляюць работнікі лясгасаў.-0-