Лясгасы Віцебскай вобласці плануюць нарыхтаваць больш за 1 тыс. т бярозавіку

Лясгасы Віцебскай вобласці ў гэтым сезоне плануюць нарыхтаваць больш за 1 тыс. т бярозавага соку, паведамілі ў Віцебскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні (ВДВЛГА).

Сок будзе рэалізоўвацца пераважна насельніцтву. Таксама плануюцца пастаўкі прадукту на філіял "Цеплічны" РВУП "Віцебскэнерга" ў Аршанскім раёне і Талачынскі кансервавы завод.

Пробная падсочка дрэў ужо пачалася ва ўсіх лясгасах вобласці. У Полацкім лясгасе насельніцтву ўжо прададзена першая тона бярозавага соку, усяго тут плануюць сабраць 30 т. Сокарух у лясах рэгіёна толькі пачынаецца. Масава прыступіць да нарыхтоўкі вясновага прадукту ў вобласці плануюць толькі на наступным тыдні, паколькі чакаецца паніжэнне тэмпературы.

ВДВЛГА нагадвае, што ўсе жадаючыя самастойна нарыхтоўваць сок для асабістых патрэб павінны звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, каб ім выдзелілі спецыяльна прызначаныя ўчасткі. Таксама работнікі лясгасаў правядуць неабходны інструктаж аб правілах падсочкі і пры неабходнасці дапамогуць яе зрабіць, каб не парушыць тэхналогію. За парушэнне правілаў збору соку, прымяненне забароненых сродкаў і метадаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць аж да штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь на грамадзян, да 100 базавых велічынь на індывідуальных прадпрымальнікаў і да 500 на юрыдычных асоб (цяпер БВ складае Br27).

БЕЛТА.