Лясгасы Віцебскай вобласці нарыхтуюць 1 тыс. т бярозавага соку
6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лясгасы Віцебскай вобласці нарыхтуюць сёлета вясной 1 тыс. т бярозавага соку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні (ВВЛА).
Нарыхтоўкай каштоўнага напою сёлета займаюцца 10 з 19 лясгасаў вобласці. Яны ўжо прыступілі да падсочкі дрэў. У сярэднім плануецца збіраць па 70-80 т у дзень. Першыя 20 т соку ўжо сабраны і пастаўлены на перапрацоўчыя заводы Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Полацкага, Аршанскага раёнаў. Спіс гэтых прадпрыемстваў сёлета папоўніў Віцебскі плодаагароднінны камбінат, які раней перапрацоўкай бярозавага соку не займаўся.
Усяго для патрэб рэгіёна будзе сабрана 650 т соку. Астатні аб'ём у адпаведнасці з ужо заключанымі кантрактамі лясгасы пастаўляць на Мінскі завод безалкагольных напояў, Барысаўскі кансервавы завод (Мінская вобласць) і Быхаўскі кансервавы завод (Магілёўская вобласць).
Перыяд сокатачэння складзе каля 10-15 дзён, адзначылі ў ВВЛА. Удзельнічаць у нарыхтоўцы соку могуць і жыхары вобласці. Для гэтага неабходна звярнуцца ў лясгас, які бясплатна выдзеліць участак для правядзення падсочкі бяроз, пакінуўшы за сабой толькі кантралюючую функцыю.
У лесагаспадарчым аб'яднанні таксама нагадалі, што набыць карысны напой танней можна ў лясгасе. Тут цана за адзін літр складзе Br170. Штраф жа за нелегальную падсочку дрэў вар'іруецца ад 10 да 20 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.).-0-