Лясгасы Віцебскай вобласці вясной закладуць плантацыі ягад, грыбоў і лекавых траў

4 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лясгасы Віцебскай вобласці закладуць вясной 2010 года плантацыі ягад, грыбоў і лекавых траў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання падсобнай сельскай гаспадаркі Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Алег Грыцкевіч. У адпаведнасці з абласной праграмай "Лес" плантацыі фундука агульнай плошчай 5 га з'явяцца ў Бешанковіцкім, Лепельскім, Аршанскім, Полацкім і Ушацкім лясгасах. У Дзетрунскім і Ушацкім пасадзяць шыпшыннік (1,5 га). Па 0,5 га адвядуць пад развядзенне вешанкі ў Богушэўскім, Глыбоцкім, Лепельскім, Лёзненскім, Суражскім і Шумілінскім лясгасах. Таксама плануецца закласці 3 га чарнаплоднай рабіны, 2 га чорнай парэчкі, 1,5 га каляндры, 1 га кропу і 0,10 га клубніц. Між тым, задзел на будучыню зроблены ўжо сёлета: у лясгасах вобласці пасаджана 43 га навагодніх елкі, з'явіліся першыя плантацыі грыбоў і ягаднікаў. Насенны матэрыял для плантацый плануецца набываць у Цэнтральным батанічным садзе НАН у Мінску, а таксама ў Глыбоцкім лясгасе. Для забеспячэння захаванасці ўраджаю месцы для будучых угоддзяў выбіраюцца ў гадавальніках або паблізу адміністрацый лясгасаў. У запатрабаванасці сваёй прадукцыі ў лесагаспадарчым аб'яднанні не сумняваюцца. Праведзены маніторынг паказаў, што ў набыцці лекавых траў зацікаўлены фармацэўтычныя вытворцы і шэраг іншых прадпрыемстваў. Напрыклад, Віцебскі вінзавод, які аднавіў вытворчасць гарбаты. Арэхі патрэбны хлебапякарным прадпрыемствам. Пастаянным попытам у насельніцтва карыстаюцца вешанкі і клубніцы.-0-