Летнія месяцы для беларускай эканомікі сталі перыядам росту - С.Сідорскі
25 жніўня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Летнія месяцы для беларускай эканомікі сталі перыядам росту. Аб гэтым паведаміў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэкам Белькам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з задавальненнем адзначаем, што вясна-лета бягучага года (гэтыя месяцы з'яўляюцца найбольш складанымі для эканомікі) для беларускай эканомікі сталі месяцамі росту", - сказаў прэм'ер-міністр.
Перш за ўсё гэта адносіцца да рэальнага сектара эканомікі. Па словах Сяргея Сідорскага, з пачатку года значна павялічыліся складскія запасы беларускіх прадпрыемстваў з-за закрыцця многіх рынкаў. Разам з тым гэта дазволіла Беларусі ў апошнія паўгода адкрыць 13 новых краін для паставак айчыннай прадукцыі.
"Ужо з мая-чэрвеня ўся прадукцыя, якая вырабляецца ў краіне, прадаецца ў поўным аб'ёме за межы краіны. Ідзе паступовая разгрузка складоў. Мы ўпэўнены, што крок за крокам да канца года выйдзем на антыкрызісныя ўмовы, нарматывы па рэштках прадукцыі на складах", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Акрамя таго, у існуючых умовах Беларусі ў першым паўгоддзі 2009 года ўдалося забяспечыць прырост інвестыцый на ўзроўні больш за 10% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Перш за ўсё інвестыцыі з-за мяжы прыцягваліся ў новыя тэхналогіі. "Мы маем прапановы еўрапейскіх, расійскіх банкаў па ўліванні інвестыцый у нашу эканоміку, па мадэрнізацыі нашых вытворчасцей", - паведаміў Сяргей Сідорскі. Ён таксама дадаў, што ў краіне не была згорнута ніводная інвестыцыйная праграма.
Прэм'ер-міністр нагадаў, што па ўзгадненні з МВФ у Беларусі праводзіцца жорсткая грашова-крэдытная, бюджэтная палітыка, у рамках якой ідзе праца на ўзроўні экспертаў Нацыянальнага банка і Мінфіна Беларусі са спецыялістамі МВФ па дасягненні ўзгодненых паказчыкаў. Сяргей Сідорскі адзначыў, што ў Беларусі былі прыкметна скарочаны выдаткі бюджэту. "Урад працуе толькі па тых артыкулах, якія неабходны для выканання абавязацельстваў урада", - падкрэсліў ён.
"Мы актыўна працуем з інфляцыяй. У студзені было прынята рашэнне па павелічэнні тарыфаў, што дало рост інфляцыі, але ў апошнія месяцы нам удалося стабілізаваць гэтыя працэсы. Інфляцыя на ўзроўні 0,3-0,4% у месяц - гэта той узровень, які планаваў урад у антыкрызіснай праграме. Пры гэтым такая стабілізацыя адбываецца пры росце эканомікі, прыцягненні інвестыцый, значным скарачэнні бюджэтных выдаткаў", - растлумачыў Сяргей Сідорскі.
У цэлым, па словах кіраўніка ўрада, беларускі бок задаволены ходам вырашэння і абмеркавання пытанняў з экспертамі МВФ, а таксама падтрымкай фонду, асабліва ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу. "Падтрымка МВФ мае для нас значны ўплыў, асабліва ва ўмовах, калі тыя эканомікі, у якіх мы пастаянна прысутнічалі з экспартам, нашы традыцыйныя рынкі збыту значна звужаюцца", - дадаў прэм'ер-міністр. Ён падзякаваў экспертам МВФ за працу, якая праводзіцца ў Беларусі.-0-