Летні амфітэатр у Віцебску гатовы да сустрэчы «Славянскага базару».

8 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Галоўная сцэна XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - Летні амфітэатр - рыхтуецца да сустрэчы з артыстамі. Матаж сцэны падыходзіць да завяршэння, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Летняга амфітэатра Анатоль Васенда. Галоўная фестывальная пляцоўка сёлета ўразіць спецэфектамі і тэхналагічнымі навінкамі: люстэркі, святлодыёдныя экраны, што вясёлкава пераліваюцца, і велізарныя вытанчаныя вазы, нібыта спецыяльна падрыхтаваныя да таго, каб сабраць усе кветкі ліпеня. "Такі прыгожай сцэны ў фестывалю яшчэ не было", - дадаў Анатоль Васенда. На яго думку, яна будзе добра выглядаць як з залы, так і на экране тэлевізара. Упершыню з 1997 года сцэнаграфіяй займаюцца беларускія спецыялісты - вядомая мінская кампанія ТАА "Прэстыж-імідж", якая неаднаразова афармляла канцэртныя пляцоўкі на ўрачыстых мерапрыемствах у сталіцы і на фестывалях-кірмашах працаўнікоў вёскі. Мастацкім афармленнем кіруе Зіновій Марголін - двойчы лаўрэат прэстыжнай расійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска". Першыя рэпетыцыі пачнуцца на аформленай сцэне Летняга амфітэатра 9 ліпеня, увечары пляцоўку апрабуе Валерый Леанцьеў - у гэты раз ён стане запевам XVIII Міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску", адкрываючы чараду фестывальных мерапрыемстваў сваім канцэртам "Люблю, сумую, чакаю!".-0-