Летні амфітэатр у Віцебску адкрывае сезон канцэртаў на майскія святы
30 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Травеньскія святы аздобяцца ў Віцебску адкрыццём сезона канцэртаў у Летнім амфітэатры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".
Першы канцэрт на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы абласнога цэнтра адбудзецца 1 мая. Творчыя калектывы цэнтра культуры парадуюць віцябчан і гасцей горада насычанай канцэртнай праграмай "Пад ветразем мары". У арыгінальным праекце возьмуць удзел ансамбль эстраднага танца "Радасць", гурт "Шатл", Народны яўрэйскі вакальна-харэаграфічны ансамбль "Віцебскія дзяўчаты", ансамбль "Зорка" і іншыя творчыя калектывы горада.
Вялікі святочны канцэрт адбудзецца на сцэне Летняга амфітэатра і 9 мая. У Дзень Перамогі для ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з яго сцэны будуць гучаць песні ваенных гадоў і шчымлівыя старыя мелодыі ў выкананні лепшых артыстаў абласнога цэнтра.
У Цэнтры культуры адзначылі, што ўрачысты сход, прысвечаны гэтай памятнай даце, адбудзецца ў Віцебску 8 мая. А шлях традыцыйнага святочнага шэсця герояў-вызваліцеляў і жыхароў горада напярэдадні свята сёлета будзе некалькі карацейшы: ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі. Пры гэтым ветэраны і ўдзельнікі вайны праедуць яго ў спецыяльна арганізаванай для іх святочнай аўтакалоне.-0-