Летняя школа для кітайскіх студэнтаў адкрылася ў Віцебску
Летняя школа для кітайскіх студэнтаў адкрылася на базе ВДУ імя П. Машэрава.
Культурна-адукацыйны праект віцебскага ўніверсітэта, у рамках якога ў горад на Дзвіне прыязджаюць студэнты і выкладчыкі Пекінскага аб'яднанага ўніверсітэта і Пекінскага ўніверсітэта, каб вучыць рускую мову, а таксама пазнаёміцца з беларускай нацыянальнай культурай, з кожным годам набірае папулярнасць у кітайскіх партнёраў.
– Калі ў 2016-м мы прымалі групу з 18 чалавек, то ў гэтым – ужо 30, – распавяла намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта навучання замежных грамадзян Вольга Дзятлоўская, – Акрамя знаёмства з нашым універсітэтам і адукацыйнай праграмай, для навучэнцаў летняй школы мы традыцыйна рыхтуем розныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы, у тым ліку экскурсіі па Віцебску, Полацку. Запланаваны паездкі ў Магілёў, Мір, Нясвіж.
Летняя школа для студэнтаў з Паднябеснай будзе працаваць да 23 ліпеня, па яе заканчэнні ўсе ўдзельнікі праекта атрымаюць спецыяльныя сертыфікаты.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.