Леў Лешчанка на канцэрце ў Віцебску выканаў новую песню і даў сцэнічнае імя спявачцы

18 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Народны артыст Расіі Леў Лешчанка на канцэрце ў Віцебску, які прайшоў увечары 17 ліпеня, праспяваў новую песню і даў сцэнічнае імя расійскай спявачцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Выйшаўшы на сцэну перапоўненага Летняга амфітэатра, мэтр расійскай эстрады адзначыў, што канцэрт прысвячае сябрам. "У Беларусі ў мяне вельмі шмат сяброў, і я рады, што маё другое юбілейнае выступленне адбудзецца на віцебскай зямлі", - сказаў лаўрэат спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Тэма вернай дружбы артыстаў Расіі, Беларусі і Украіны, якая сімвалізуе неразрыўнасць сувязяў народаў, стала галоўнай сюжэтнай лініяй канцэрта. Свае віншаванні Льву Лешчанку з 70-гадовым юбілеем адрасавала сузор'е "народных", "заслужаных", лаўрэатаў конкурсу эстраднай песні ў Віцебску: Ігар Лучанок, Анатоль Ярмоленка, Мікалай Гнатюк, Максім Дунаеўскі, Лаліта, Аляксандр Маршал, Сафія Анопчанка, Соса Паўліяшвілі, Рустам Штар, Руслан Алехна, Алсу, Надзея Бабкіна, Аксана Багослаўская, Варвара, Уладзімір Вінакур... Разам з імі Леў Лешчанка спяваў дуэтам песні са свайго рэпертуару, якія ўвайшлі ў залаты фонд савецкай і расійскай музыкі, - "Родительский дом", "Танго нашей любви", "Городские цветы", "Эхо", "Очи черные"... Кампазіцыю "Мы - дети галактики" выканалі квартэтам - Лешчанка, Гнатюк, Паўліяшвілі, Ярмоленка. Нумар атрымаўся сімвалічным і кранальным. Пачуўшы акорды песні "День Победы", гледачы ўсталі з месцаў і спявалі легендарныя словы разам з Львом Лешчанкам. Адзначыўшы, што "Славянскі базар у Віцебску" запальвае новыя імёны ў сузор'і зорак эстрады, Леў Лешчанка пазнаёміў публіку з новай расійскай спBявачкай. "Мы доўга думалі, як прадставіць гэту дзяўчыну, паколькі яна не выходзіла на вялікую сцэну. Яна яшчэ школьніца, родам з варонежскай вёскі, упэўнены, што яе чакае бліскучае будучае. У гонар таго, што менавіта на "Славянскім базары" адбудзецца яе дэбют, мы вырашылі даць ёй імя Славяна", - сказаў юбіляр. Юная выканаўца зачаравала публіку голасам, праспяваўшы рускую народную песню. Канцэрт Льва Лешчанкі ў чарговы раз пацвердзіў, што ў ліпені Віцебск становіцца не толькі месцам сустрэч артыстаў з розных краін, але і суайчыннікаў. Віншуючы юбіляра, даўні сябар Максім Дунаеўскі прызнаўся, што змог гэта зрабіць толькі ў Віцебску, бо ў Маскве ім сустрэцца немагчыма з-за недахопу часу. А яшчэ Леў Лешчанка ўпершыню праспяваў песню ў дуэце з Лалітай. "Спадзяюся, атрымалася нядрэнна", - пажартаваў артыст. "Леў Лешчанка спявае песні, у якіх ёсць душа, таму яны вечныя", - адзначыў народны артыст СССР Ігар Лучанок, тлумачачы неверагодную папулярнасць мстра. У гэты вечар Леў Лешчанка не столькі прымаў віншаванні, колькі дарыў песні, радасць, любоў. Сапраўдным падарункам для гледачоў канцэрта, усіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю стала новая песня "Мы - единое целое!", прысвечаная шчырай вернай дружбе людзей і народаў.-0-