Лідар чэмпіянату Беларусі па міні-футболе «ВітЭн» адарваўся ад пераследавальнікаў на пяць ачкоў

29 красавіка, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. За чатыры туры да фінішу 20-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе лідар сезона навалукомльскі "ВітЭн" адарваўся ад пераследавальнікаў на пяць ачкоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У 26-м туры энергетыкі атрымалі сваю 20-ю перамогу, разграміўшы ў гасцях "Жлобін" з "сухім" лікам 7:0. Пасля гэтага поспеху ў актыве "ВітЭна" стала 63 балы, а ў найбліжэйшага канкурэнта сталічнага МАПІДа 58 заліковых балаў. У чарговым матчы домабудаўнікі не змаглі абыграць на выездзе аднаго з аўтсайдэраў першынства лунінецкі "Базар" - нічыя 6:6. Па 57 ачкоў маюць гомельскі БТЭУ, які перайграў ва ўпартай барацьбе гасцей з "Барысава-900" з лікам 8:7, а таксама сталічны "Дарожнік", які ў гэтым туры не гуляў. Вынікі астатніх сустрэч: БДУФК-"Манаракурс" (Мінск) - ЦКК (Светлагорск) - 4:0, "Камунальнік" (Бяроза) - "Белшына" (Бабруйск) - 7:5. "Нёман" (Бярозаўка) - "Дынама"-БНТУ (Мінск) - 4:5, "Граніт" (Мікашэвічы) - "Палімер" (Магілёў) - 5:0 (тэхнічная перамога). У спрэчцы найлепшых бамбардзіраў па-ранейшаму лідзіруе Аляксей Іўчанка ("Белшына"), які забіў 46 мячоў у брамы сапернікаў. Матчы наступнага тура адбудуцца ў найбліжэйшыя выхадныя дні. Цэнтральным паядынкам стане сталічнае дэрбі МАПІД - "Дарожнік", якое адбудзецца ў суботу, 2 мая. -0-