Абразы святых Беларускай зямлі будуць глядзець са сценаў адноўленага Свята-Успенскага храма ў Віцебску

28 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Самы вялікі храм Віцебска - Свята-Успенскі кафедральны сабор рыхтуецца да асвячэння, расказаў карэспандэнту БЕЛТА яго настаяцель айцец Міхаіл (Мартыновіч). Аднаўленне помніка архітэктуры XVIII стагоддзя было пачата ў 1998 годзе. Тады Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II заклаў капсулу з памятнай граматай у падмурак храма і асвяціў першы камень на будаўніцтве сабора. Цяпер у царкве вядуцца чыставыя аддзелачныя работы, развешваюцца пазалочаныя панікадзілы, ідзе роспіс сцен. Варта адзначыць, што акрамя традыцыйных біблейскіх сюжэтаў на фрэсках будуць намаляваны твары святых Беларускай зямлі. Разам з унутранымі работамі завяршаюцца работы па добраўпарадкаванні прылеглай да храма тэрыторыі, уключаючы набярэжныя Заходняй Дзвіны і Віцьбы, якая ўпадае ў яе. Па словах айца Міхаіла, у пачатку кастрычніка адбудзецца асвячэнне ніжняга Праабражэнскага храма, а па завяршэнні ўнутраных аддзелачных работ, у пачатку лістапада, будзе асвячоны сам кафедральны сабор. Свята-Успенскі сабор пабудаваны на высокім беразе ля зліцця Віцьбы з Заходняй Дзвіной. Да сярэдзіны 30-х гадоў XX стагоддзя ён быў візітнай карткай Віцебска і ўваходзіў у лік самых велічных храмаў Расійскай імперыі. У 1911 годзе была зроблена нават каляровая фатаграфія яго ўнутранага ўбрання - настолькі прыгожы быў сабор правінцыйнага Віцебска. Будаўніцтва храма пачалося ў 1743 годзе. Аўтарам праекта і кіраўніком будаўнічых работ быў архітэктар Іосіф Фантана. Па некаторых звестках, віцебскі сабор з'яўляўся паменшанай копіяй аднаго з храмаў Рыма, пабудаванага знакамітым архітэктарам Анарыа Лонгі. У 1936 годзе Свята-Успенскі сабор быў разбураны сапёрамі пад камандаваннем Пятра Рыгоранкі, які пазней стаў адным з вядомых дысідэнтаў і праваабаронцаў. Праект аднаўлення Свята-Успенскага сабора заснаваны на архіўных матэрыялах і з'яўляецца дакладнай копіяй разбуранага. Памер храма - 55х33 м. Вышыня галоўнага купала храма складае каля 50 м, а дзве званіцы ўзняліся ўвышкі амаль на 40 м. На адной званіцы ўстаноўлены 10 званоў, у тым ліку два вагой 2 т і 1,5 т, астатнія - менш за 100 кг. На другую крыху пазней будзе ўзняты гіганцкі звон вагой 6 т. Па задуме архітэктараў, да падножжа храма з набярэжнай вядуць шырокія лесвіцы.-0-