Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч перадаў Віцебскаму дзіцячаму дому грашовы сертыфікат да Новага года

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч наведаў дзіцячы дом Віцебска і ўручыў дырэктару ўстановы сертыфікат на Br6 тыс.

Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё ноўтбука, пыласоса, пральнай машыны, мяккай мэблі, тэлевізара.

"У час акцыі "Нашы дзеці" прадстаўнікі ўлады ўсіх узроўняў прыходзяць у госці да дзяцей, дораць падарункі. Важна не толькі забяспечыць хлопчыкаў і дзяўчынак неабходнымі рэчамі і ўручыць ім салодкія падарункі, але яшчэ і стварыць для іх добры настрой і падарыць веру ў навагодні цуд", - адзначыў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці.

У ліку ганаровых гасцей дзіцячага дома быў і старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранакін. Ён падарыў дзіцячаму дому аверлок. Іншыя госці, якія пабывалі на цёплым дзіцячым свяце, таксама прыйшлі не з пустымі рукамі: установе адукацыі перадалі ў дар халадзільную камеру, сертыфікат на Br1 тыс., наборы салодкіх падарункаў.

"Новы год – свята і для малышоў, і для дарослых. Хацелася б падзякаваць супрацоўнікаў дзіцячага дома за тое, што замяняюць дзецям бацькоў, аддаюць ім цеплыню сваіх сэрцаў", - звярнуўся да педагагічнага калектыву Анатоль Ліневіч. Ён пажадаў усім здароўя, поспехаў і ўвасаблення самых запаветных жаданняў.

Пасля святочнага канцэрта гасцей запрасілі на чаяванне з хатнімі пачастункамі.

У дзіцячым доме Віцебска зараз пражываюць 75 выхаванцаў ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў. Гэта дзеці, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай апецы, і сіроты.