Лінгафонны кабінет для вывучэння кітайскай мовы адкрыўся ў аршанскай школе за сродкі ўрада КНР

Лингафонный кабинет для изучения китайского языка открылся в оршанской школе за средства правительства КНР
У хуткім часе Орша можа стаць адным з цэнтраў па вывучэнні кітайскай мовы. Такое меркаванне выказаў Прызначаны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі ЦУЙ Цымін. З яго ўдзелам у СШ №16 адбылося адкрыццё сучаснага лінгафоннага кабінета. Гэты падарунак ад урада КНР – знак высокай ацэнкі працы, якая вядзецца ў дадзенай установе адукацыі і ў горадзе ў цэлым па вывучэнні і папулярызацыі кітайскай мовы і культуры.



– Больш за 200 юных аршанцаў на сённяшні дзень факультатыўна вывучаюць кітайскую мову, – падкрэсліў у прывітальным слове старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі. – Сярэдняя школа №16 з'яўляецца адной з устаноў, у якіх пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства ім. Канфуцыя пры БДУ рэалізуецца важны стратэгічны напрамак – супрацоўніцтва з Кітаем. Для далейшага развіцця культурных, адукацыйных і гандлёва-эканамічных адносін з дружалюбнай краінай неабходна рыхтаваць спецыялістаў, якія валодаюць кітайскай. Сённяшняя сустрэча – чарговы крок па выбудоўванні ўзаемаадносін на аснове дружбы і ўзаемнай цікавасці.     

Спадар ЦУЙ Цымін выказаў удзячнасць кіраўніцтву раёна за імкненне да актыўнага супрацоўніцтва з Кітаем як у сферы адукацыі, так і эканомікі.

– Я рады, што ў вас рэалізуюцца буйныя інвестпраекты і ёсць цікавасць да кітайскай культуры, традыцый, мовы. Такім чынам, мы будуем масты дружбы паміж народамі, – адзначыў Прызначаны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі. – Маюцца ўсебаковыя дамоўленасці паміж гарадамі Оршай і Шышоў.


ЦУЙ Цымін падкрэсліў, што бачыць шчырую зацікаўленасць і канкрэтныя вынікі аршанскіх школьнікаў у вывучэнні кітайскай мовы. Таму наступным падарункам стане шэраг адукацыйных камп'ютарных праграм. Нямала важна і тое, што ў КНР на базе трох універсітэтаў кітайская моладзь ужо мае магчымасць вывучаць беларускую мову.

–

Я са свайго боку буду спрыяць таму, каб наладжваліся цесныя сувязі і паміж школамі Беларусі і Кітая, – дадаў высокі госць, – каб з малых гадоў нашы дзеці маглі разумець адзін аднаго.    

З 2014 года ў СШ №16, як і яшчэ ў двух установах адукацыі горада, працуюць валанцёры з КНР, якія на факультатыўнай аснове выкладаюць кітайскую мову. На сённяшні дзень ідзе падрыхтоўка і перападрыхтоўка ўласных педагогаў-лінгвістаў. Лінгафонны кабінет, уключаючы мэблю і абсталяванне, разлічаны на 14 чалавек.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, «Віцебскія весці». Фота аўтара.