Лёзненская хлебная база прымае збожжа з чатырох абласцей Беларусі

– Моцна хваліцца няма падстаў, але і скардзіцца грэх, – так ахарактарызаваў вытворчую сітуацыю на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Лёзненская хлебная база» яго дырэктар Уладзімір Антанькоў. – Пакуль прынялі 23 тысячы тон зерня, вольных ёмістасцей дастаткова яшчэ для 40 тыс. Яго дастаўляюць грузавікамі з раёнаў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей. Лёзненскі, у прыватнасці, здаў каля 8 тыс. т зерня. База працуе кругласутачна. На перыяд нарыхтоўкі прымаем дадаткова візіроўшчыкаў (памочнікаў лабаранта) і грузчыкаў. Што тычыцца якасці сёлетняга ўраджаю збожжавых, то з агульнага аб'ёму прынятай пшаніцы 3-ці клас складае адсоткаў 10, палова – фуражная.

Частка прасушанага і ачышчанага зерня праз «Віцебскабл­аграсэрвіс» адпраўляецца на экспарт. У 2015-м, калі ўвайшлі ў рэестр прадпрыемстваў Мытнага саюза, у Расію было адгружана больш за 20 тыс. т. У сёлетнім жніўні – ужо каля 3 тыс. т. За мяжу зерне возяць аўтранспартам. На адлегласць 200 — 300 км гэта больш мабільна і танней, чым па чыгунцы, хоць у кузаве змяшчаецца па 45 — 48 т зерня, у вагоне – 62 — 65 т.

Для вялікіх вытворчых патрэб на базе выкарыстоўваецца прыродны газ. Астатнія патрэбы ў цеплавой энергіі забяспечвае кацёл, які працуе на мясцовых відах паліва, гэта значыць на адходах, атрыманых пры ачыстцы зерня. Мінулагодняй 260 т хапіла на ўвесь ацяпляльны сезон і падагрэў вады сёлета летам. Зэканомлена 680 млн руб. (да дэнамінацыі). Дарэчы, куп­лялі кацёл за 370 млн рублёў. Астатнія адходы ідуць на продаж насельніцтву для угнаення агародаў, у мінулым годзе мясцовыя жыхары рас­купілі каля 400 т.

Прадпрыемства мае фірменныя крамы: па адным у аграгарадках Бабінавічы і Дабрамыслі і два – у Лёзне. У новым мікрараёне райцэнтра збіраюцца будаваць пяты. 28 чалавек са 108, што працуюць на базе, заняты рэалізацыяй харчовых тавараў. Іх пастаўляюць прадпрыемствы Віцебска, Полацка, Оршы, Мінска, Барысава, Ліды, Навабеліцы, Клімавічаў і іншых гарадоў, якія маюць запазычанасць перад базай. Месячны тавара­абарот у агульнай складанасці складае

2,6 – 2,7 млрд руб. Ёсць у элеватара і падземныя склады на 5 тыс. т, дзе захоўваюцца цукар і мука. Цяпер яны напаўпустыя.

 – Даўгоў па зарплаце і за энергетычныя рэсурсы няма. Дэбіторская запазычанасць перавышае крэдыторскую разы ў чатыры. Крэдытны партфель адсутнічае, пакуль жывём за кошт уласных сродкаў, – падагульніў аповяд пра бягучыя будні дырэктар базы.

Галіна Шпакоўская. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».