Лёзненскі раён – лідар у Віцебскай вобласці па ўзроўні нараджальнасці ў 2009 годзе

28 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2009 годзе нарадзілася 12,7 тыс. дзяцей, што на 3,3% больш, чым у 2008 годзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Безагаворачным лідарам па росце нараджальнасці стаў Лёзненскі раён, дзе ў 2009 годзе на свет з'явілася 200 немаўлят, або 132,5% да студзеня-снежня папярэдняга года. Сярод рэкардсменаў таксама апынуліся Бешанковіцкі (адпаведна 112,2%, 166 немаўлят), Верхнядзвінскі (118,8%, 265), Гарадоцкі (112,3%, 274) і Шумілінскі (124,4%, 270) раёны. Сярод гарадоў самы лепшы паказчык нараджальнасці адзначаецца ў Оршы (104,2%). Разам з тым неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя склалася ў Наваполацку, дзе ў мінулым годзе з'явілася на свет 898 дзяцей, або 91,9% да ўзроўню 2008 года. Каб выправіць становішча, мясцовыя ўлады ўжо прынялі рашэнне аб узнагароджанні наваполачанак за нараджэнне дзяцей. Кожная жанчына, якая народзіць у 2010 годзе дзіця, апроч належных выплат, дадаткова атрымае Br100 тыс. Нізкая нараджальнасць зафіксавана таксама ў Віцебскім (89,4%, 396), Браслаўскім (96,8%, 268), Глыбоцкім (92,1%, 375) і Шаркаўшчынскім (93,8%, 152) раёнах. Сярод станоўчых тэндэнцый мінулага года супрацоўнікі камітэта назвалі павелічэнне колькасці шлюбаў (9,8 тыс., або 102% да ўзроўню 2008 года) і змяншэнне колькасці разводаў (адпаведна 4,6 тыс., або 96,6%). Пры гэтым часцей за ўсё вясельны марш гучаў у Бешанковіцкім, Глыбоцкім, Мёрскім, Аршанскім, Полацкім, Расонскім, Сянненскім, Талачынскім і Ушацкім раёнах. Рейже, чым у 2008 годзе, абручальнымі кольцамі абменьваліся жыхары Віцебска, Наваполацка, Браслаўскага, Лепельскага, Пастаўскага, Чашніцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Колькасць памерлых у мінулым годзе склала звыш 20 тыс. жыхароў, або 101,3% да ўзроўню папярэдняга года.-0-