Ліпавая алея ў гонар алімпійскіх чэмпіёнаў закладзена ў Віцебску
Ліпавая алея ў гонар алімпійскіх чэмпіёнаў закладзена ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сем маладых дрэў у гонар Рамуальда Кліма, Віктара Куранцова, Ларысы Петрык, Тамары Лазаковіч, Таццяны Белашэнка, Сяргея Каплякова і Вячаслава Яноўскага, якія сталі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў у розныя гады, упрыгожылі алею алімпійскай славы Віцебшчыны, размешчаную на пляцоўцы каля цэнтральнага спартыўнага комплексу "Дынама". У іх пасадцы прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Міхаіл Партной, прадстаўнікі гарвыканкама, НАК у Віцебскай вобласці, спартсмены, трэнеры, юныя алімпійцы, навучэнцы.
Мерапрыемства дало старт абласной экалагічнай акцыі "Пасадзі дрэва ў гонар алімпійскага прызёра", арганізаванай па ініцыятыве старшыні прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці Уладзіміра Цярэнцьева. На працягу ўсёй вясны пад дэвізам "Упрыгожым родную Беларусь!" яна будзе праходзіць у гарадах і раёнах рэгіёна ў форме азелянення і добраўпарадкавання тэрыторый устаноў і населеных пунктаў.
Акцыя заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да сучаснай экалагічнай сітуацыі ў раёнах і гарадах, прапагандаваць алімпійскі рух, фізічную культуру і спорт, а таксама папулярызаваць вядомых спартсменаў Віцебшчыны. Яе ўдзельнікамі на добраахвотнай аснове стануць школьнікі, студэнты, навучэнцы профтэхадукацыі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, спартсмены.