Літоўскія школьнікі наведаюць Браслаў 18-19 лістапада

6 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Літоўскія школьнікі наведаюць 18-19 лістапада Браслаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім раённым камітэце БРСМ. Паездка гімназістаў з Ігналіны адбудзецца ў рамках рэалізацыі праекта "Пашырэнне сяброўскіх адносін" па двухбаковым пагадненні паміж Ігналінскім самакіраваннем і Браслаўскім райвыканкамам. Літоўскія госці пагутаруюць са сваімі аднагодкамі з Браслаўскай дзяржаўнай гімназіі, правядуць сумесны творчы канцэрт мастацкай самадзейнасці. За круглым сталом хлопцы абмяркуюць маладзёжны рух і палітыку ў галіне моладзі сваіх краін, вызначаць магчымасці далейшага пашырэння супрацоўніцтва, пакажуць прэзентацыі аб дзейнасці сваіх устаноў адукацыі. У канцы кастрычніка з аналагічнай паездкай у Ігналіне ўжо пабывалі дзве дэлегацыі браслаўскіх школьнікаў. Галоўная мэта праекта - узбагаціць жыццё рабят, пашырыць іх кругагляд, а таксама дапамагчы знайсці новых сяброў, адзначылі ў БРСМ.-0-