Літоўскія гандлёвыя сеткі зацікаўлены ў пастаўках гаспадарча-бытавых тавараў віцебскіх прадпрыемстваў

6 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Літоўскія бізнесмены зацікаўлены ў пастаўках у свае гандлёвыя сеткі прадукцыі гаспадарча-побытавага прызначэння віцебскіх вытворцаў. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік начальніка Уценскага павета Літвы Гінтарас Шылейкіс, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Прадстаўнікі найбуйнейшых гандлёвых сетак Літвы зацікаўлены ў пастаўках у свае цэнтры ў першую чаргу будаўнічых тавараў, вырабаў з металу, прадукцыі дрэваапрацоўкі, мэблі, а таксама гатовы разгледзець усе іншыя прапановы", - сказаў Гінтарас Шылейкіс. Паводле яго слоў, падчас сённяшняй сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў амаль 50 прадпрыемстваў, арганізацый і камерцыйных структур Віцебскай вобласці яны спадзяюцца знайсці новых дзелавых партнёраў і заключыць канкрэтныя дагаворы аб супрацоўніцтве. Акрамя дзелавых перамоваў, плануецца таксама наведванне шэрагу прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Арганізатарам мерапрыемства выступае пасольства Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы. Цяперашні візіт літоўскай дэлегацыі можна лічыць прамым вынікам праведзенага ў сакавіку ў Віцебску міжнароднага эканамічнага форуму, падчас якога быў падпісаны дагавор аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Віцебскім аблвыканкамам і Уценскім паветам Літвы, адзначылі ў камітэце эканомікі.-0-