Літоўскі арганіст Аляксандр Ісакоў прызнаецца ў любові віцебскаму органу і Віцебску

17 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Лаўрэат міжнародных конкурсаў літоўскі арганіст Аляксандр Ісакаў прадставіць 18 лютага віцебскай публіцы нечаканую праграму, спецыяльна падрыхтаваную музыкантам для аргана абласной філармоніі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ. Вядомы літоўскі выканаўца з'яўляецца пастаянным удзельнікам праграм арганнага абанемента Віцебскай філармоніі. Музыкант палюбіў віцебскі арган і аўдыторыю, а публіка адказвае музыканту ўзаемнасцю. Кожнае выступленне музыканта ў Віцебску суправаджаюць нечаканыя адкрыцці, сюрпрызы, і маючае адбыцца выступленне не стане выключэннем. У праграму канцэрта ўключаны творы класікаў арганнай музыкі пачатку XVIII - XX стагоддзяў, пры гэтым усе творы патрабуюць высокага выканальніцкага майстэрства. Па словах Нэлі Мацаберыдзэ, сам музыкант абазначыў для сябе выкананне гэтай праграмы як дасягненне новага рубяжа, выхад на новы этап у творчай кар'еры, які ён хоча здзейсніць менавіта ў Віцебску. Напярэдадні выступлення музыкант бесперапынна рэпетыраваў на працягу больш чым пяці гадзін. У выкананні Аляксандра Ісакава віцябляне пачуюць творы выдатнага нямецкага кампазітара Дзітрыха Букстэхудэ, Іагана-Себасцьяна Баха, нямецкага кампазітара XIX стагоддзя Юліуса Ройбке, які нячаста выконваецца, Гі Бовэ. Упершыню ў сваёй музычнай кар'еры Аляксандр Ісакаў выканае твор вядомага французскага класіка Шарля-Мары Відора, які пісаў сімфоніі для аргана. Памяці свайго настаўніка, выдатнага расійскага арганіста Алега Янчанкі Аляксандр Ісакаў прысвяціць выкананне яго твора "Музыка для аргана сабора ў Шпаеры, партыта фантазія на тэму сярэднявечнага хорала", якое будзе суправаджаць перфоманс з выкарыстаннем светлавых эфектаў. Завяршэнне праграмы будзе прысвечана творчасці выдатнага нямецкага музыканта XX стагоддзя Макса Рэгера. Літоўскі арганіст выканае апошні твор кампазітара "Фантазія і фуга рэ мінор, сачыненне 135 b", якое сам аўтар прысвяціў Рыхарду Штраусу. Аляксандр Ісакаў з'яўляецца арганістам сабора Святога Яна Віленскага ўніверсітэта. Ён скончыў Беларускі ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка, праходзіў навучанне ў Музычнай акадэміі ў Катавіцах (Польшча), стажыраваўся ў Летняй акадэміі Харлема (Нідэрланды), прымаў удзел у майстар-класах выдатных арганістаў Расіі, Францыі, Швейцарыі, Латвіі. Музыкант актыўна канцэртуе, правёў сольныя канцэрты арганнай музыкі і ўдзельнічаў у музычных фестывалях у краінах Заходняй Еўропы, Балтыі і СНД. -0-