Літоўскай Рэспублікай працягнуты тэрмін абмежаванняў пры перасячэнні мяжы

Паводле атрыманай інфармацыі ад літоўскага боку ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, выкліканай распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі COVID-19, тэрмін устаноўленых у Літоўскай Рэспубліцы абмежаванняў пры перасячэнні мяжы працягнуты.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага памежнага атрада Дзяніс Глебко, у цяперашні час пералік катэгорый грамадзян, якім дазволены ўезд у Літоўскую Рэспубліку, вызначаны Пастановай урада Літоўскай Рэспублікі № 152 «Аб аб'яўленні экстрэмальнай сітуацыі дзяржаўнага ўзроўню», са змяненнямі і дапаўненнямі ад 16.07.2020.

Перасячэнне літоўска-беларускага ўчастка мяжы абмежавана аўтадарожнымі міжнароднымі пунктамі пропуску: Мядзінінкай - Каменны Лог, Райгардас - Прывалка, Шальчынінкай - Беняконі (з беларускага боку); чыгуначнымі пунктамі пропуску: пункт пропуску на чыгуначнай станцыі Вільнюс, Стасілас - Беняконі і Кена - Гудагай (з беларускага боку).

На ўчастку адказнасці Полацкага памежнага атрада на беларуска-літоўскай мяжы ў міжнародным пункце пропуску Відзы (з літоўскага боку Цвярячюс), па-ранейшаму, пропуск асоб і транспартных сродкаў суседнім бокам не ажыццяўляецца.

Кансультацыю па пытаннях перасячэння беларуска-літоўскай мяжы можна атрымаць у дыпламатычных установах Літоўскай Рэспублікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Магчымасць перасячэння латвійска-беларускага ўчастка мяжы абмежавана аўтадарожнымі пунктамі пропуску Патэрніекі (з беларускага боку Грыгораўшчына, Верхнядзвінскі раён) і Сілене (Урбаны, Браслаўскі раён).

Чыгуначныя пасажырскія зносіны ў пункце пропуску Бігосава на чыгуначнай станцыі Бігосава не ажыццяўляюцца.

Інфармацыя аб зменах парадку перасячэння мяжы і рэжыме працы літоўскіх і латвійскіх пунктаў пропуску будзе прадастаўлена па меры паступлення звестак ад суседніх бакоў на Інтэрнэт-партале, у акаўнтах сацыяльных сетак і тэлеграм-канале Дзяржпагранкамітэта.