Літоўцу пагражае канфіскацыя кантрабанднай касметыкі на Br2,5 млрд.

10 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская мытня распачала адміністрацыйны працэс па факце нелегальнага ўвозу касметычнай прадукцыі на агульную суму звыш Br2,5 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па барацьбе з кантрабандай мытні. У Браслаўскім раёне супрацоўнікі аддзела па барацьбе з кантрабандай Віцебскай мытні спынілі грузавы аўтамабіль "Рэно" пад кіраваннем грамадзяніна Літвы. Ён перавозіў касметыку з Літвы ў Расію праз пункт пропуску і мытнага афармлення "Урбаны". Пры даглядзе аўтамабіля было ўстаноўлена, што фактычны аб'ём транспарціруемага грузу значна перавышае колькасць, пазначаную ў таварасуправаджальных дакументах. Агульны ацэначны кошт незадэклараванай касметычнай прадукцыі склаў больш Br2,5 млрд. Нелегальны груз канфіскаваны. Адміністрацыйны працэс распачаты па ч.5 арт.14.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі (незаконнае перамяшчэнне тавараў праз мытную мяжу), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафных санкцый на суму да 50 базавых велічынь (для фізічных асоб) з канфіскацыяй тавару. Па выніках расследавання матэрыялы будуць накіраваны ў суд для прыняцця рашэння аб канфіскацыі тавару і прыцягнення вінаватых асоб да адказнасці.-0-