Любімыя цацкі дзяцінства жыхароў Віцебска прадстаўлены на выставе ў літаратурным музеі горада

29 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Любімыя цацкі жыхароў Віцебска сталі асновай выстаўкі, прысвечанай Міжнароднаму дню абароны дзяцей, якая адкрылася сёння ў літаратурным музеі горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры. У экспазіцыі прадстаўлены драўляныя конікі-качалкі, 50-гадовы анучаны Петрушка ў асяроддзі трох сучасных прыгажунь Барбі, два алімпійскія мішкі, зайкі, лісічкі, голышы і неваляшкі, самаробныя, пашытыя з тканіны і звязаныя з нітак лялькі, чыгуначная дарога. Большасць цацак суправаджаюцца фотаздымкамі і гісторыямі сваіх уладальнікаў. Асаблівай увагі заслугоўвае калекцыя з 13 лялек ва ўкраінскіх, таджыкскіх, эстонскіх, беларускіх, туркменскіх касцюмах і нацыянальных строях іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Уладальніцы гэтага ўнікальнага збору, якая была замужам за вайскоўцам, у свой час давялося пакалесіць па свеце. У кожным месцы знаходжання яна імкнулася набыць на памяць пару такіх лялек. Сыны жанчыны больш увагі надавалі машынкам і іншым "хлопчыным" цацкам, таму лялькі і захаваліся. Пасля завяршэння выстаўкі калекцыя будзе перададзена ў дар музею, расказалі супрацоўнікі. Акрамя таго, на выстаўцы прадстаўлены мяккія цацкі з фондаў музея - сланікі, сабачкі, коцікі і іншыя любімыя дзятвой жывёлы. На адкрыцці экспазіцыі самыя юныя жыхары Віцебска, якія даверылі музею сваіх сяброў, былі адзначаны ганаровымі дыпломамі і падарункамі-цацкамі. Усе дзеці, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, атрымалі ў падарунак папяровых журавоў. А артысты тэатра "Лялька" падарылі ім лялечнае выступленне. Пасля закрыцця выстаўкі ўсе цацкі ў цэласці і захаванасці будуць вернуты сваім маленькім і дарослым уладальнікам.-0-