Любімы выканаўца брытанскай каралевы Алесандра Сафіна вернецца на «Славянскі базар» у 2013 годзе
15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Любімы выканаўца брытанскай каралевы, адзін з самых прыгожых мужчын планеты (па версіі часопіса People), тэнар з сусветным імем Алесандра Сафіна вернецца на міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў наступным годзе. Пра гэта ён паведаміў на "Зорным часе" - прэс-канферэнцыі са знакамітасцямі, якая традыцыйна праходзіць на фестывалі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Італьянскі тэнар прыняў запрашэнне арганізатараў фестывалю прыехаць з канцэртам у наступным годзе. Акрамя таго, у пачатку снежня бягучага года запланавана яго выступленне ў Мінску з Нацыянальным сімфанічным аркстрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Алесандра Сафіна прыняў удзел у канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю і выканаў там сваю, мабыць, самую вядомую на постсавецкай прасторы кампазіцыю - Luna з серыяла "Клон", у якім ён сыграў галоўную ролю. Гэта была яго прэм'ера ў Беларусі. Цяпер ён працуе ў складзе журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012". Спявак прызнаўся журналістам, што вольнага часу на фестывалі ў яго не вельмі шмат, таму з горадам не атрымалася добра пазнаёміцца. Аднак тое, што ён паспеў убачыць, зрабіла прыемнае ўражанне. "Мне камфортна на фестывалі", - сказаў ён. Адказваючы на пытанне аб сваіх фаварытах з ліку ўдзельнікаў конкурсу, ён не хаваў, што іх няшмат, аднак падкрэсліў, што ўзровень выканальніцкага майстэрства ўсіх удзельнікаў вельмі высокі.
Алесандра Сафіна пачынаў як акадэмічны музыка. Ён выконваў галоўныя партыі ў операх "Багема", "Севільскі цырульнік", "Русалка", "Яўгеній Анегін". Цяпер свой стыль ён называе "аперным рокам": акадэмічны вакал спалучаецца з элементамі поп-музыкі, соўла.-0-