Экалагічнае свята "Журавы і журавіны Міёрскага краю" збярэ аматараў прыроды

Асноўныя мерапрыемствы свята пройдуць 17 верасня. У гэты дзень мясцовыя жыхары і іх шматлікія госці прымуць удзел ва ўрачыстым адкрыцці ў цэнтры горада скульптурнай кампазіцыі "Жураўліная вернасць". 

У гарадскім парку "Паўвостраў" разгорнуцца выставы-продажы вырабаў народных майстроў "Жураўліная скарбонка" з правядзеннем майстар-класаў, экспазіцыя экалагічнай літаратуры, тэматычныя пляцоўкі аграсядзіб, моладзі, творчых калектываў. Традыцыйна адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні, пераможцаў конкурсу сельскіх падворкаў, пераможцаў конкурсу па зборы журавін і лепшых здавальнікаў журавін. На працягу ўсяго дня ад парку будзе курсіраваць аўтобус, на якім усе жадаючыя змогуць дабрацца да месца назірання за жураўлямі або наведаць экскурсіі па экалагічнай сцежцы "Азяраўцы-Ельня". Бясплатная экскурсійная праграма ў гэты дзень прапануецца па візіт-цэнтры "Ельня".

Штогод "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" збіраюць усё больш гасцей, пашыраецца праграма, таму частка мерапрыемстваў запланавана напярэдадні асноўнага дня свята, адзначылі ў райвыканкаме. Так, сёння ў Міёрскім раёне стартавалі конкурс на лепшага здавальніка журавін, а ў яго ўстановах адукацыі - экалагічны тыдзень. 14 верасня гараджане разам са сваімі сем'ямі змогуць паназіраць за жураўлямі, для гэтага будзе арганізаваны спецыяльны падвоз.

15 верасня адбудзецца турнір па інтэлектуальнай гульні "Што? Дзе? Калі?" на кубак старшыні Міёрскага райвыканкама па пытаннях экалагічнай тэматыкі. Упершыню ён пройдзе ў статусе міжраённага: за перамогу будуць змагацца 17 каманд, у тым ліку з Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Арганізатарамі экалагічнага свята выступаюць Міёрскі райвыканкам і заказнік "Ельня".

Вольга Багачова - БЕЛТА.