Людзі давяраюць дзейнай уладзе, і чыноўнікі не маюць права працаваць дрэнна - Н.Дамашкевіч
22 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Выбары Прэзідэнта Беларусі паказалі, што людзі давяраюць дзеючай уладзе, і чыноўнікі не маюць права працаваць дрэнна. Аб гэтым заявіў сёння падчас прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі Віцебскай вобласці памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку Мікалая Дамашкевіча, у рабоце са зваротамі грамадзян для дзяржаўнага служачага галоўнае - "не хавацца за інструкцыі, не адрывацца ад людзей". "Іншы чыноўнік так трымаецца за сваё крэсла, што баіцца вырашаць праблемы людзей", - канстатаваў ён. Часам яшчэ маюць месца факты, калі з-за неабачлівасці выканаўцаў рашэнні па абгрунтаваных зваротах грамадзян не выконваюцца. Мікалай Дамашкевіч лічыць, што асабісты кантроль кіраўніка будзе спрыяць выхаванню ў падначаленых пачуцця адказнасці.
Падчас прамой лініі Мікалай Дамашкевіч адказаў на 36 званкоў ад жыхароў Віцебскай вобласці. Разам з прыватнымі пытаннямі грамадзяне закраналі праблемы добраўпарадкавання і развіцця вёсак, жылых мікрараёнаў у Віцебску. Памочнік Прэзідэнта адзначыў, што для вырашэння гэтых пытанняў неабходны значныя бюджэтныя сродкі. Папаўненне бюджэту магчыма толькі за кошт прыбытковай работы прадпрыемстваў прамысловасці і сельскай гаспадаркі, нарошчвання тэмпаў вытворчасці, павышэння прадукцыйнасці працы.
Перад Віцебскай вобласцю стаіць сур'ёзная задача: на працягу двух бліжэйшых гадоў выйсці на бездатацыйную працу прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і паменшыць залежнасць бюджэту рэгіёну ад работы паліўна-энергетычнага комплексу, уключаючы ААТ "Нафтан". На думку Мікалая Дамашкевіча, у рэгіёне не выкарыстоўваецца галоўны рэзерв - веды людзей. Пытанні падрыхтоўкі і выхавання кадраў патрабуюць пастаяннай увагі, падкрэсліў ён.-0-