"ЛЛК-Нафтан" мае намер арганізаваць выпуск прысадак для масел, якія выкарыстоўваюцца ў рухавіках марскіх суднаў

30 ліпеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. СТАА "ЛЛК-Нафтан" плануе арганізаваць вытворчасць пакета прысадак для цыліндравых масел, якія выкарыстоўваюцца ў рухавіках марскіх суднаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара па вытворчасці і тэхнічных пытаннях прадпрыемства Міхаіл Бабушкін. Па яго словах, гэты амбіцыйны праект рэалізуецца сумесна з кампаніямі ТАА "ЛЛК-Інтэрнэшнл" (Масква), ТАА "ЛЛК-Марцін-Рус" (Санкт-Пецярбург) і філіялам ТАА "ЛЛК-Марцін-Рус" (Гамбург). Рэалізацыя праекта намечана на канец 2011 - пачатак 2012 года. Новы пакет прысадак распрацоўваецца для ААТ "Лукойл", якое сярод іншай прадукцыі вырабляе масла для рухавікоў марскіх суднаў. Аднак пры іх вытворчасці вымушана прымяняць дарагую прадукцыю такіх буйных амерыканскіх кампаній, як "Лубрызол", "Інфінеум", "Афтон", "Шэўрон". Пры гэтым ёмістасць рынку марскіх масел вельмі вялікая - масла для суднавых рухавікоў кампанія "Лукойл" рэалізуе больш чым у 100 партах свету. Таму калі праект асваення айчыннай вытворчасці пакета прысадак будзе паспяхова ажыццёўлены, СТАА "ЛЛК-Нафтан" зможа істотна павялічыць вытворчыя магутнасці. Разам з тым суразмоўца адзначыў, што праект, які рэалізуецца, вельмі складаны, затратны і рызыкоўны. У цяперашні час спецыялісты прадпрыемства падбіраюць патрэбную рэцэптуру для пакета прысадак, далей пройдуць яго стэндавыя выпрабаванні ў нямецкай лабараторыі, пасля чаго на працягу года пакет прысадак будзе апрабаваны ў працоўных умовах у рухавіку марскога судна. СТАА "ЛЛК-Нафтан" створана 28 красавіка 2006 года. Заснавальнікамі з'яўляюцца ААТ "Нафтан" (Беларусь) і кампанія LLK International B.V. (Нідэрланды, даччыная кампанія ААТ "Лукойл", Расія). Асноўнымі напрамкамі дзейнасці "ЛЛК-Нафтан" з'яўляюцца вытворчасць і рэалізацыя прысадак і пакетаў прысадак да змазачных масел, першачарговае забеспячэнне гэтай прадукцыяй ААТ "Нафтан" і заводаў ААТ "Лукойл", у тым ліку ў мэтах зніжэння залежнасці названых прадпрыемстваў ад імпарту прысадак з далёкага замежжа. Пры гэтым "ЛЛК-Нафтан" валодае самымі буйнымі вытворчымі магутнасцямі па выпуску прысадак да масел на тэрыторыі СНД. Асартымент прадукцыі ўключае прадукты розных функцыянальных груп, здольныя забяспечыць шырокі дыяпазон эксплуатацыйных уласцівасцей сучасных масел.-0-