«ЛЛК-Нафтан» адгрузіў першую партыю прадукцыі на іранскі рынак

Наваполацкае СТАА «ЛЛК-Нафтан» адгрузіла першую партыю прысадак да змазачных алеяў партнёрам з Ірана і разлічвае ў далейшым замацавацца на гэтым новым для сябе і перспектыўным рынку збыту.


Па словах генеральнага дырэктара СТАА «ЛЛК-Нафтан» Міхаіла Бабушкіна, да працы па выхадзе на іранскі рынак у кампаніі прыступілі ў пачатку 2016 года. Прадстаўнікі беларускага вытворцы прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па змазачных матэрыялах у Тэгеране.

Па выніках мерапрыемства адбыліся перамовы, а ў далейшым быў заключаны кантракт на пастаўку партыі прысадак да алеяў у аб'ёме 50 т. Да нядаўняга часу развіццё гэтай краіны стрымлівалі эканамічныя санкцыі. Іх адмена ў пачатку 2016-га адкрыла перад мясцовым бізнесам, у тым ліку вытворцамі алеяў, новыя магчымасці, а, такім чынам, будуць узрастаць іх патрэбы ў прадукцыі, аналагічнай той, што прапануе «ЛЛК-Нафтан». Гэтым мае намер скарыстацца айчынная кампанія, тым больш што, па ацэнках экспертаў, ёмістасць іранскага рынку будзе ў перспектыве павялічвацца.

Хоць трэба выразна ўяўляць: дзейнічаць прыходзіцца ва ўмовах канкурэнцыі, якая ўзмацняецца, асабліва з боку кітайскіх вытворцаў. Дастаткова адзначыць, што адна з фірмаў з Паднябеснай, якая бурна развіваецца, не так даўно ўвяла ў эксплуатацыю завод у Дубаі гадавой магутнасцю 30 тыс. т прысадак, які арыентаваны якраз на працу на блізкаўсходні рэгіён.

Генеральны дырэктар «ЛЛК-Нафтан» разлічвае, што кампанія замацуецца ў Іране і працягне экспансію на гэтым рынку. Акрамя таго, у ліпені прадпрыемства ўпершыню прыйшло са сваёй прадукцыяй у Судан. Гаворка ідзе пра сульфонатныя высокашчолачныя прысадкі і пакеты прысадак да маторных алеяў, якія складаюць аснову асартыменту, запатрабаванага ў краінах Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Сталы поспех прадпрыемства на знешніх рынках дасягаецца дзякуючы некалькім фактарам. Кампанія актыўна працуе над зніжэннем выдаткаў, што дае магчымасць захоўваць канкурэнтаздольнасць у плане цэны.

Акрамя таго, айчынны вытворцавытрымлівае канкурэнцыю па якасці, у тым ліку за кошт таго, што прапануе прадукцыю, якая адпавядае спецыфічным патрабаванням спажыўцоў у кожным канкрэтным рэгіёне, пры гэтым ажыццяўляе тэхнічнае суправаджэнне продажаў, аператыўна вырашаючы пытанні, што ўзнікаюць.

Дзякуючы актыўнаму маркетынгу і тэхнічнай рабоце «ЛЛК-Нафтан» на працягу некалькіх гадоў утрымлівае долю прадукцыі, адгружаемай у краіны далёкага замежжа, уключаючы новыя перспектыўныя рынкі, на узроўні, што перавышае 50% ад усяго экспарту. Пры гэтым удзельная вага паставак на знешнія рынкі складае каля 95% аб'ёму вытворчасці.

Сёння прадпрыемства супрацоўнічае з партнёрамі з больш чым 25 краін, сярод іх Індыя і Нігерыя, куды кампанія прыйшла ў канцы 2015 года. Прапрацоўваюцца магчымасці пашырэння прысутнасці ў краінах Афрыкі, а таксама варыянты ўзаемадзеяння з вытворцамі з іншых рэгіёнаў. Цяпер у вытворчым партфелі «ЛЛК-Нафтан» каля 30 найменняў прысадак, дзесятак відаў маторных маслаў, іншых прадуктаў нафтахіміі.

Дзякуючы актыўнаму маркетынгу і тэхнічнай рабоце «ЛЛК-Нафтан» утрымлівае долю прадукцыі, адгружаемай у краіны далёкага замежжа, на ўзроўні, што перавышае 50% ад усяго экспарту. Удзельная вага паставак на знешнія рынкі складае каля 95% аб'ёму вытворчасці.

Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.