"ЛЛК-Нафтан" у 2010 годзе інвеставаў у развіццё прадпрыемства амаль $1,4 млн.

23 лістапада, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. СТАА "ЛЛК-Нафтан" сёлета інвеставала ў развіццё прадпрыемства амаль $1,4 млн. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара па вытворчасці і тэхнічных пытаннях СТАА Міхаіл Бабушкін. Сродкі былі накіраваны на распрацоўку і правядзенне выпрабаванняў новых пакетаў прысадак для маторных маслаў па праграме імпартазамяшчэння (РА-4501, РА-4502, РА-2503-2, РА-2503-3). Вядуцца праектныя работы па мадэрнізацыі вытворчасці, рэалізуюцца праекты па замене састарэлага абсталявання. Укаранёны мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне прамысловай бяспекі. "Асноўнай задачай "ЛЛК-Нафтан" на бліжэйшую перспектыву з'яўляецца працяг работы па імпартазамяшчэнні прысадак, а таксама замена абсталявання і мадэрнізацыя вытворчасці", - адзначыў Міхаіл Бабушкін. Праграма тэхнічнага развіцця СТАА разлічана да 2017 года. У наступныя гады на ажыццяўленне яе задач плануецца асвойваць арыенціровачна $2-2,5 млн. у год. Пры гэтым сродкі на развіццё прадпрыемства ў першую чаргу паступаюць ад рэалізацыі новай прадукцыі. Праграма накіравана на асваенне выпуску новых відаў прадукцыі - пакетаў прысадак для змазвальных маслаў. Арганізацыя вытворчасці айчынных пакетаў прысадак дазволіць ажыццявіць шырокамаштабнае імпартазамяшчэнне, выцесніўшы аналагічную дарагую прадукцыю вядучых сусветных амерыканскіх кампаній, у першую чаргу пры вытворчасці маслаў у Беларусі і ў расійскай НК "ЛУКОЙЛ". Вытворчасць прысадак адносіцца да навукаёмістых вытворчасцей у сувязі з пастаяннай неабходнасцю ўкаранення новых хімічных злучэнняў, якія забяспечваюць найбольш эфектыўныя эксплуатацыйныя ўласцівасці сучасным і перспектыўным змазвальным маслам. Таму навуковыя даследаванні на прадпрыемстве з'яўляюцца неад'емнай часткай праграмы тэхнічнага развіцця. У прыватнасці, праводзяцца выпрабаванні змазвальных маслаў з новымі прысадкамі ў айчынных і замежных цэнтрах, рэканструюецца тэхналагічная схема вытворчасці прысадак. Таксама ажыццяўляецца замена маральна састарэлага і фізічна зношанага абсталявання, забяспечваецца высокі ўзровень прамысловай бяспекі вытворчасці. СТАА "ЛЛК-Нафтан" створана 28 красавіка 2006 года. Заснавальнікамі з'яўляюцца ААТ "Нафтан" (Беларусь) і кампанія LLK International B.V. (Нідэрланды, даччыная кампанія ААТ "ЛУКОЙЛ", Расія). Асноўнымі напрамкамі дзейнасці "ЛЛК-Нафтан" з'яўляюцца вытворчасць і рэалізацыя прысадак і пакетаў прысадак да змазвальных маслаў, першачарговае забеспячэнне гэтай прадукцыяй ААТ "Нафтан" і заводаў ААТ "ЛУКОЙЛ", у тым ліку ў мэтах зніжэння залежнасці названых прадпрыемстваў ад імпарту прысадак з далёкага замежжа. Пры гэтым "ЛЛК-Нафтан" валодае самымі буйнымі вытворчымі магутнасцямі па выпуску прысадак да маслаў на тэрыторыі СНД. Асартымент прадукцыі ўключае прадукты розных функцыянальных груп, здольных забяспечыць шырокі дыяпазон эксплуатацыйных уласцівасцей маслаў.-0-