«ЛЛК-Нафтан» у 2010 годзе плануе павялічыць вытворчасць новай прадукцыі ў 2,6 раза

29 ліпеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. СААТ "ЛЛК-Нафтан" сёлета плануе павялічыць аб'ём вытворчасці новай прадукцыі ў параўнанні з 2009 годам у 2,6 раза да 2,64 тыс.т. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара па вытворчасці і тэхнічных пытаннях прадпрыемства Міхаіл Бабушкін. "ЛЛК-Нафтан" у 2009-2010 гадах здзейсніў навуковы прарыў у галіне айчыннай вытворчасці прысадак. Так, спецыялісты прадпрыемства распрацавалі прынцыпова новыя прысадачныя кампаненты, якія паслужылі асновай для стварэння пакетаў прысадак для сучасных і перспектыўных масел. Пакеты прысадак такога ўзроўню з выкарыстаннем уласных прысадачных кампанентаў на ўсім постсавецкім прасторы не прапануе ні адзін вытворца прысадак - пры вырабе масел выкарыстоўваюцца пакеты амерыканскіх кампаній. Міхаіл Бабушкін растлумачыў, што пры сучасным узроўні развіцця рухавікабудавання выкарыстанне масла без прысадак практычна немагчыма, бо яны забяспечваюць эфектыўную абарону рухавіка. Па гэтай прычыне ўсе сучасныя маторныя масла маюць у сваім складзе пакет прысадак, утрыманне якіх сумарна можа дасягаць 20%. У маі бягучага года на прадпрыемстве пачата вытворчасць і рэалізацыя новага пакета прысадак РА-2503-2 для бензінавых аўтамабільных масел эксплуатацыйнага ўзроўню SG/СD. З гэтага шматфункцыянальнага пакета прысадак вырабляюць універсальныя маторныя масла для легкавога і камерцыйнага аўтатранспарту. Да канца года плануецца рэалізаваць да 1,5 т гэтага пакета прысадак. У перспектыве на прадпрыемстве плануецца асвоіць пакеты прысадак для трансмісійных, гідраўлічных масел, паліва і іншай прадукцыі. Сёлета СААТ "ЛЛК-Нафтан" плануе павялічыць аб'ём вытворчасці на 43% у параўнанні з 2009 годам і выпусціць 29,1 тыс.т прадукцыі. Экспарт плануецца нарасціць на 53%. У цяперашні час 85% прадукцыі, што вырабляецца на прадпрыемстве, пастаўляецца ў Расію, Узбекістан, Украіну, Турцыю, Румынію, Латвію, Польшчу, Славакію, Татарстан. СААТ "ЛЛК-Нафтан" створана 28 красавіка 2006 года. Заснавальнікамі з'яўляюцца ААТ "Нафтан" (Беларусь) і кампанія LLK International B.V. (Нідэрланды, даччыная кампанія ААТ "ЛУКОЙЛ", Расія). Асноўнымі напрамкамі дзейнасці "ЛЛК-Нафтан" з'яўляюцца вытворчасць і рэалізацыя прысадак і пакетаў прысадак да змазачных масел, першачарговае забеспячэнне гэтай прадукцыяй ААТ "Нафтан" і заводаў ААТ "ЛУКОЙЛ", у тым ліку ў мэтах зніжэння залежнасці названых прадпрыемстваў ад імпарту прысадак з далёкага замежжа. Пры гэтым "ЛЛК-Нафтан" валодае самымі буйнымі вытворчымі магутнасцямі па выпуску прысадак да масел на тэрыторыі СНД. Асартымент прадукцыі, што выпускаецца, уключае ў сябе прадукты розных функцыянальных груп, здольныя забяспечыць шырокі дыяпазон эксплуатацыйных уласцівасцей сучасных масел.-0-