Льняны холдынг будзе створаны ў Віцебскай вобласці
1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Льняны холдынг будзе створаны ў Віцебскай вобласці ў бліжэйшы час. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект бізнес-плана развіцця льняной галіны вобласці на 2011-2015 гады распрацаваны і ўзгоднены. У ім прадугледжаны комплекс арганізацыйна-тэхнічных і фінансавых мер, якія забяспечваюць бескаштоўную вытворчасць і перапрацоўку лёну. У прыватнасці, Аршанскі льнокамбінат мае намер закупіць і ўсталяваць 37 адзінак абсталявання. У 2011 годзе прадпрыемства плануе выпусціць 500 тыс.м пагонных льняных тканін. Шэраг мерапрыемстваў накіраваны на павышэнне ўраджайнасці і якасці льновалакна.
Прапрацоўваецца таксама магчымасць стварэння арганізацыйнай структуры на чале з РУПТП "Аршанскі льнокамбінат", заснаванай на ўзаемных кааперацыйных адносінах. У яе склад, як прапануецца, увойдуць 10 льнозаводаў Віцебскай вобласці: Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Коханаўскі, Лёзненскі, Арэхаўскі, Пліскі, Пастаўскі, Сенненскі, Чашніцкі, якія маюць развітыя сыравінныя зоны, лепшыя вынікі працы і неабходныя інжынерна-тэхнічныя кадры, а таксама льнозаводы іншых абласцей. У 2011-2013 гадах на гэтых заводах будзе праведзена мадэрнізацыя з устаноўкай высокапрадукцыйнага тэхналагічнага абсталявання. На гэтыя мэты прадугледжваецца накіраваць Br90 млрд. У 2011 годзе тэхпераўзбраенне пачнецца з Лёзненскага, Пліскага, Арэхаўскага льнозаводаў.
Астатнія льнозаводы вобласці будуць аб'яднаны з сельскагаспадарчымі арганізацыямі або далучаны філіяламі да мадэрнізаваных льнозаводаў.
На думку Аляксандра Косінца, у склад холдынгу акрамя льнокамбіната і льнозаводаў павінны ўвайсці НДІ лёну і банк. "Гэта дазволіць мець эфектыўную льняную структуру", - перакананы губернатар.-0-