Льняныя елкі могуць стаць новым турыстычным брэндам Віцебска

23 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Незвычайны ажыятаж выклікаў у Віцебску конкурс на ільновую елку. Крэатыўную ідэю вельмі актыўна падхапілі мясцовыя дызайнеры, народныя майстры-умельцы і творчая моладзь. А вынік іх намаганняў адразу ж прыцягнуў значную цікавасць з боку гарадскіх турыстычных фірмаў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА менеджэр інфармацыйна-кансалтынгавай асацыяцыі "Горад Віцебск і Кампанія" (адной з ініцыятараў праекта) Таццяна Лапіна. Больш за сотню навагодніх прыгажунь, выкананых з беларускага шоўку з выкарыстаннем розных матэрыялаў, прадстаўлена на выставе, якая адкрылася сёння ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Нягледзячы на мноства экспанатаў, тут не знойдзецца падобных работ. Кожная з іх дзякуючы творчаму падыходу аўтараў прэтэндуе на званне ільновага шэдэўра і можа скласці самую сур'ёзную канкурэнцыю штучным елкам або стаць альтэрнатывай жывым дрэвам. Як спадзяюцца арганізатары праекта - аддзел культуры гарвыканкама, Аршанскі льнокамбінат, кансалтынгавая асацыяцыя - ільновыя елкі цалкам могуць стаць новым турыстычным брэндам Віцебска, бо гэта моднае і стыльнае ўпрыгожанне для любога дома. Пацвярджэннем таму служыць і зацікаўленасць у гэтым праекце прадстаўнікоў турыстычных кампаній, якія не па чутках ведаюць пра захапленне еўрапейцаў незвычайнымі каляднымі і навагоднімі ўпрыгожаннямі. Па словах Таццяны Лапінай, сёлетні конкурс стаў пробным "камнем". У 2010 годзе гэты праект будзе працягнуты ў больш шырокім маштабе. У прыватнасці, да ўдзелу ў ім плануецца прыцягнуць большую колькасць дызайнераў, а разам з турфірмамі арганізатары маюць намер падрыхтаваць спецыяльныя прапановы для замежных турыстаў.-0-