Льняныя пледы з народным арнаментам упершыню прадставіў Аршанскі льнокамбінат
У Мінску 25 сакавіка пачала працу міжнародная выстаўка-кірмаш «БелТЭКСлегпрам. Вясна», дзе сваю прадукцыю прапануюць як айчынныя вытворцы тавараў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці, так і замежныя.
Сярод удзельнікаў – Аршанскі льнокамбінат. Сёлета прадукцыя прадпрыемства будзе прадстаўлена па трох напрамках: калекцыі для гіпермаркетаў, дома і дачы; змякчаныя касцюмна-сукеначныя тканіны, імпартазамяшчальная сыравіна для фабрык; арганізацыя працы з сістэмай аддаленага карыстальніка.
Сярод навінак – ручнікі і сталовыя наборы, выкананыя на сучаснай нямецкай лініі «Schmalle» без удзелу ручной працы. Больш за 50 малюнкаў і каляровых гам – такое разнастайнасць матываў убачаць наведвальнікі і ўдзельнікі выстаўкі. Адметнасцю стануць калекцыйныя наборы ў пэўных танах, якія ўключаюць парцьеры, абрусы, пасцельную бялізну, ручнікі, – напрыклад, «Магія Усходу», «Бабіна лета». Упершыню аршанцы прадставяць і ільняныя пледы памерам ад 120 да 240 см розных колераў, у тым ліку з народным арнаментам.
Папярэдне вывучыўшы попыт і густ спажыўца, дызайнеры і тэхнолагі льнокамбіната распрацавалі калекцыю дробнаштучнай прадукцыі для гіпермаркетаў. Гэта ільняныя хлебніцы, прыхвадкі, фартухі, сурвэткі і інш.
Паколькі Аршанскі льнокамбінат упэўнена трымае курс на мадэрнізацыю, у пашане тут перадавыя тэхналогіі з выкарыстаннем магчымасцей інтэрнэт-рэсурсаў. Як зрабіць сістэму заказаў зручнай, вывучыўшы асартымент сыравіны і гатовай прадукцыі прама на маніторы камп'ютара, раскажуць на выставе спецыялісты прадпрыемства. Яны навучаць правільна працаваць з сістэмай аддаленага карыстальніка, прадэманструюць яе магчымасці.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"