Льнаводчая галіна Беларусі ў бліжэйшыя гады павінна стаць адной з лепшых у свеце - А.Лукашэнка

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Льнаводчая галіна Беларусі ў бліжэйшыя некалькі гадоў павінна стаць адной з лепшых у свеце. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Прэзідэнт азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец далажыў кіраўніку дзяржавы аб тым, што па выніках 2009 года вобласцю выкананы мэтавыя параметры прагнозу па ўводзе ў эксплуатацыю жылля, тэмпах росту платных паслуг фізічнай культуры і спорту, па вытворчасці агародніны, пладоў і ягад, рэалізацыі жывёлы і птушкі, вытворчасці яек. У студзені 2010 года выкананы толькі заданні па вытворчасці спажывецкіх тавараў арганізацыямі, падпарадкаванымі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Аднак, як запэўніў Аляксандра Лукашэнку губернатар, да канца года вобласць выйдзе на ўсе запланаваныя паказчыкі. У бягучым годзе кіраўніцтва рэгіёна прыкладае намаганні па нарошчванні экспарту (калі ў 2008 годзе прадпрыемствы Віцебшчыны гандлявалі з 67 краінамі свету, то сёння ўжо са 112), ставіць задачы па развіцці машынабудавання, працуе над метадамі прыцягнення ў вобласць замежных інвестыцый. Разам з тым быў адзначаны і шэраг недахопаў: да прыкладу, на асобных прадпрыемствах рэгіёна запасы гатовай прадукцыі шматкроць перавышаюць сярэднемесячны аб'ём вытворчасці. Аднак цэнтральнай тэмай пры наведванні Віцебшчыны стала развіццё беларускай ільновай галіны. У апошнія гады на сусветным рынку выразна вызначылася тэндэнцыя павелічэння попыту на вырабы з натуральных тканін. Попыт на еўрапейскіх і амерыканскіх рынках на ільнапрадукцыю задавальняецца не больш чым на 80%. Як следства, за апошнія некалькі гадоў кітайскія вытворцы нават на фоне сусветнага эканамічнага крызісу здолелі нарасці ў паўтара раза вытворчасць вырабаў з лёну. Пры гэтым у Беларусі дадзеная галіна працуе стратна: з 49 ільнозаводаў у 33 адмоўная рэнтабельнасць. За апошнія пяць гадоў кіраўніком дзяржавы было дадзена 68 даручэнняў ураду па развіцці ільнаводчай галіны. Толькі ў выглядзе субсідый сюды ўкладзена дзяржавай каля Br560 млрд. Каб азнаёміцца з рэальным становішчам спраў, якое існуе ў галіне сёння, Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка наведаў Аршанскі ільнокамбінат. Гэта прадпрыемства з'яўляецца найважнейшым звяном усяго вытворчага і маркетынгавага цыклу – ад нарыхтоўкі сыравіны да рэалізацыі гатовай ільняной прадукцыі. У склад ільнокамбіната ўваходзіць пяць фабрык, вытворчасць ільняных тканін уключае каля 100 тэхналагічных працэсаў. На працягу 2007-2009 гадоў на прадпрыемстве вялося тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці, усталёўвалася новае абсталяванне. Аднак у цяперашні час Аршанскі ільнокамбінат працуе з адмоўнай рэнтабельнасцю. Акрамя таго, высокай застаецца затавараванасць складоў, якія захоўваюць аб'ёмы прадукцыі на Br66 млрд. Прычынамі стратнай працы прадпрыемства генеральны дырэктар ільнокамбіната Уладзімір Несцярэнка называе страту асноўных рынкаў збыту прадукцыі з-за ўплыву сусветнага крызісу, высокі знос вытворчых фондаў (у цэлым па ільнокамбінаце гэты паказчык складае 56,6%), адсутнасць тавараправодзячай сеткі і дасведчаных спецыялістаў-маркетолагаў, высокую канкурэнцыю з боку паўднёваазіяцкіх дзяржаў. Аднак асноўнай праблемай застаецца нізкая якасць ільнавалакна, што пастаўляецца на камбінат. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся цалкам з усім вытворчым цыклам, агледзеў узоры прадукцыі завода, ацаніў стан прадпрыемства і пракантраляваў выкананне дадзеных ім раней даручэнняў. Прэзідэнт выказаў цвёрдую упэўненасць, што ільнаводчая галіна і вытворчасць прадукцыі з лёну ў Беларусі могуць і павінны быць канкурэнтаздольнымі. "Мяне пераконвалі, што мы не можам на належным узроўні вырабляць піваварны ячмень, а потым пераканаліся, што гэта цалкам магчыма. Мне казалі, што ў Беларусі не атрымаецца вырошчваць цукровыя буракі, а сёння гэта стратэгічны рэзерв. Упэўнены, гэтак жа і са льном", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, акцэтуючы ўвагу на недапушчальнасці зніжэння якасці ільнасыравіны. Каб падрабязна і аб'ектыўна вывучыць сітуацыю на Аршанскім ільнокамбінаце, Прэзідэнт адступіў ад таго маршруту, які падрыхтавала для яго адміністрацыя прадпрыемства, і накіраваўся ў тыя "куты", якія кіраўнікі завода былі б не супраць утаіць ад погляду кіраўніка дзяржавы. Карціна на гэтых участках адкрылася далёка не гэтак радасная, як спрабавалі намаляваць дакладчыкі. Супрацоўнікі працуюць тут на састарэлым абсталяванні, у непрымальных санітарных умовах. Аляксандр Лукашэнка выказаў крайняе абурэнне ўбачаным і паставіў задачу да канца года навесці на прадпрыемстве поўны парадак, стварыўшы нармальныя ўмовы для здароўя рабочых. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў у найкароткія тэрміны ўсталяваць на аршанскім прадпрыемстве новае абсталяванне, дазволіўшы спрасціць парадак яго закупкі (за эфектыўнасцю закупак прасачыць Камітэт дзяржкантролю). Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў павялічыць дзяржзаказ на ільнапрадукцыю. Пасля азнаямлення з працай ільнокамбіната Прэзідэнт правёў нараду па развіцці ільняной галіны ў Беларусі. У цэлым кіраўнік дзяржавы паставіў незадавальняючую ацэнку ўраду за тое, як яны выконвалі прэзідэнцкія даручэнні. Аляксандр Лукашэнка падвергнуў рэзкай крытыцы эфектыўнасць усіх элементаў галіны: ад нарыхтоўкі сыравіны да маркетынгавай стратэгіі збыту гатовай прадукцыі. "Возьмем пачатковае звяно цыклу - вытворчасць трэсты. У нас гэтым займаецца 208 ільносейных гаспадарак, а таксама 49 ільнозаводаў. Здавалася б, такой колькасці пад сілу выконваць гадавыя заданні па зборы і выпрацоўцы ільнавалакна. Аднак за 5 гадоў мы не выраблялі больш за 40 тыс.т валакна пры плане 60 тыс.т", - звярнуў увагу Прэзідэнт. "З-за нізкай якасці сыравіны доля найбольш каштоўнага доўгага валакна складае толькі каля 20%, - падкрэсліў ён. - І ўсё таму, што паўсюдна парушаецца тэхналогія вырошчвання лёну. У дадатак у нас няма механізму, які стымулюе гаспадаркі аддаваць ільнапрыдатныя глебы спецыялізаваным атрадам прадпрыемстваў". Кіраўнік дзяржавы адзначыў бяздарнае стаўленне да выканання аптымальных тэрмінаў пасеву, уборкі лёну, раскідвання і пад'ёму трэсты (часцяком яе паднімаюць не ў верасні, а ў лістападзе, калі ад дажджоў яна значна губляе ў якасці). Прэзідэнт даручыў Мінсельгаспраду прыняць усе меры па павышэнні якасці ільнасыравіны – да ўзроўню Францыі і Бельгіі. Ён таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці жорстка вытрымаць тэмпы пасеву лёну – не больш за 10 дзён. Кіраўнік дзяржавы выказаў крайняе незадаваленне працай беларускіх ільнозаводаў. "У мяне такое ўражанне, што вы самі сёння не ўяўляеце толком, што трэба рабіць з галіной, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады: членаў урада і кіраўнікоў прадпрыемстваў. - Вы не правялі належнага даследавання рынку". Прэзідэнт звярнуў увагу на велізарныя запасы гатовай прадукцыі на складах. "Гэта ж дзясяткі мільярдаў рублёў гадамі замарожаны ў нерэалізаваных тканінах, - абурыўся ён. - Так адбываецца таму, што вы вырабляеце неканкурэнтаздольную прадукцыю, якая не задавальняе спажыўцоў ні па якасці, ні па памерах, ні па колерах". Пераўзбраенне ільнокамбіната фактычна аказалася фрагментарным, кропкавым: "Нешта падладжылі, нешта палаталі, а эфектыўнай тэхналагічнай палітыкі няма". "Няма цэласнага падыходу, каб прайсці ад вугла да вугла і сказаць дакладна: гэта мы зносім, гэта мы мадэрнізуем і г.д. Ніхто гэтага не ведае. І гэта мяне засмучае больш, чым што-небудзь. Я, перш за ўсё, звяртаюся да прэм'ер-міністра і ўрада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Я ўжо не кажу пра кіраўніка канцэрна. Вы спачатку так бойка хацелі мне расказаць пра нейкія дасягненні... Але чым далей мы з вамі праходзілі па камбінаце, тым больш маўклівымі вы станавіліся, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Вы, напэўна, мяне прывезлі, каб паказаць, як вы прыгожа працуеце, але калі мы пайшлі па завулках – мы нібы апынуліся ў каменным веку". Прэзідэнт зноў указваў на тыя неда