Лодачныя пераправы працуюць у двух адрэзаных паводкай ад "вялікай зямлі" вёсках у Віцебскай вобласці
11 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Лодачная пераправа запрацавала на рацэ Ульянка ў Бешанковіцкім раёне для жыхароў адрэзанай вадой вёскі Ульянаўка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Нягледзячы на тое, што ва Ульянаўцы пражывае крыху больш за 70 чалавек, мясцовыя ўлады і раённы аддзел па НС арганізавалі іх перавозку на "вялікую зямлю". Камунальныя службы выдзелілі чатырохмясцовую драўляную лодку, прызначылі лодачніка. Перавозка людзей для набыцця прадуктаў харчавання і дастаўкі на працу ажыццяўляецца па графіку з 7 да 20, кожныя 2 гадзіны. У выпадку экстраннай неабходнасці перавезці людзей па-за графікам на дапамогу штатнаму лодачніку прыйдуць ратавальнікі. Толькі за мінулыя выхадныя лодачнай пераправай скарысталіся амаль 60 чалавек.
Яшчэ адна лодачная пераправа працуе на рэчцы каля вёскі Кучыншчына Лёзненскага раёна. Нягледзячы на прапанову перасяліцца на час паводкі, усе 10 жыхароў адмовіліся пакідаць родныя дамы. Да наступлення паводкі супрацоўнікі Лёзненскага райаддзела па НС разам са старэйшынай вёскі даставілі вяскоўцам прадукты і прадметы першай неабходнасці, праінструктавалі аб дзеяннях, якія неабходна прадпрыняць у выпадку непрадбачаных сітуацый. За чацвёра сутак пераправай у Кучыншчыне скарысталіся сем чалавек.
Работнікімі гаррайаддзелаў па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці праводзіцца штодзённы маніторынг паводкавай сітуацыі ва ўсіх патэнцыйна небяспечных раёнах. Арганізаваны дадаткова вадамерныя посты, тры разы на суткі ажыццяўляецца кантроль за ўзроўнем вады па ўстаноўленых вымяральных вешках на рэках і ў месцах верагоднага падтаплення ў Лёзненскім, Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Шаркаўшчынскім, Полацкім, Аршанскім, Віцебскім, Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнах.
Па аператыўных даных, у Віцебскай вобласці застаюцца падтоплены 2 жылыя дамы, 8 падворкаў, 6 гаспадарчых пабудоў, 3 нізкаводныя аўтамабільныя масты ў Лёзненскім, Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Віцебскім і Верхнядзвінскім раёнах.-0-