Лагістыка, машынабудаванне і гандаль стануць асновай супрацоўніцтва паміж Оршай і кітайскім Цындаа
Пратакол аб намерах па ўсталяванні сяброўскіх сувязяў быў падпісаны старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пазняком і інспектарам Упраўлення камерцыі Народнага Урада Ціндао Чуньюй Сяньлі.
– Мы са свайго боку будзем садзейнічаць узаемавыгаднаму супрацоўніцтву ў сферах эканомікі і гандлю, навукі і тэхнікі, культуры, адукацыі і абмену спецыялістамі, асабліва ў такіх ключавых абласцях, як лагістыка, машынабудаванне і гандаль, – заявіў кіраўнік дэлегацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі. – Для нас усталяванне дзелавых кантактаў з аршанскім рэгіёнам надзвычай важна.
Распавядаючы пра перавагі наладжвання двухбаковых адносін, Аляксандр Пазняк падкрэсліў, што Аршаншчына актыўна развівае пабрацімскія сувязі і супрацоўнічае з бліжнім і дальнім замежжам, што дазваляе не толькі лепш пазнаць адзін аднаго, але і наладжваць цесныя ўзаемавыгадныя эканамічныя кантакты. У прыватнасці, з Кітаем.
– Па выніках працы за студзень – люты 2018 года аб'ём знешняга гандлю з Кітайскай Народнай Рэспублікай склаў 950 тыс. долараў (павелічэнне ў параўнанні з 2017-м у 2,9 раза), у тым ліку экспарт тавараў – 60,2 тыс. долараў, – канстатаваў Аляксандр Пазняк. – Пакуль адзіным экспарцёрам у КНР з'яўляецца РВУТП "Аршанскі льнокамбінат", аснову паставак складаюць ачосы і адходы лёну.
У адпаведнасці з падпісаным крэдытным пагадненнем паміж «Эксiмбанкам» Кітая і Аршанскім льнокамбінатам была адкрыта крэдытная лінія для рэалізацыі ў 2015-2017 гадах інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі прадпрыемства з пашырэннем вытворчасці.
У снежні 2017 года праект завершаны, аб'ём інвестыцый склаў 129,3 млн рублёў.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што ў сферы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Аршанскім раёнам і горадам Шышоў падпісаны пратакол аб намерах па пытанні ўстанаўлення пабрацімскіх адносін, у жніўні 2017 года – мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Аршанскім раёнам і горадам Іу правінцыі Чжэцзян.
Цесныя кантакты наладжаны і ў сферы адукацыі.
З арганізацыяй вытворчасці і асартыментам выпускаемай прадукцыі Аршанскага льнокамбіната госці з Кітая змаглі азнаёміцца ў ходзе экскурсіі на прадпрыемства і ў Дом лёну.