Лепшая сельская школа Беларусі працуе ў Браслаўскім раёне
Школа сустрэла гулам дзіцячых галасоў, званклівым дзявочым смехам, музыкай. Толькі-толькі прагучаў званок з апошняга ўрока. «Усё, свабода!» – няслося з розных бакоў. Старшакласніцы выбеглі на пляцоўку перад школай, заскакалі ў рытме музыкі, якая гучала. Малодшыя вучні, якія вызваліліся раней, ужо змагаліся ў тэніс за новенькім сталом.
– Гэта адзін з падарункаў ад Міністэрства адукацыі, – сказала дырэктар Святлана Курбан. – Апроч тэніснага стала, нам перадалі яшчэ 17 лыжных камплектаў, 25 мячоў.
Акрамя таго, за перамогу ў адкрытым конкурсе «Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій» і ў межах супрацоўніцтва з ГА «Беларускі зялёны крыж», якая рэалізуе праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Школьны сад» для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, атрымалі грант на добраўпарадкаванне прышкольнага ўчастка. На яго купілі новую цяпліцу, дзе збіраюцца вырошчваць расаду і раннія агародніну.
Трэба сказаць, што тэрыторыя прышкольнага ўчастка за апошні год змянілася да непазнавальнасці. Газоны, кветнікі, спартыўныя пляцоўкі, малыя архітэктурныя формы набылі сучасны дызайн. У дырэктара ўжо ёсць праект, як участак будзе выглядаць летам. Афармленне дзвюх клумбаў прысвяцяць 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ужо падрастае расада.
Дарэчы, яе ў школе вырошчваюць не толькі для ўласных патрэб, але і для ўпрыгожвання ўсяго аграгарадка – цэнтральнай плошчы, дзе раскінуліся велізарныя клумбы-габіёны, помніка воінам-вызваліцелям, іншых грамадскіх месцаў. Гэта спонсарская дапамога паселішчу, жыхары якога ў многіх справах таксама падтрымліваюць установу адукацыі.
А лішнюю расаду агародніны школа прадасць, як і частку ўраджаю. На выручаныя грошы раней купілі дзве швейныя машынкі для заняткаў па працоўным навучанні.
Па праекце тэхнічнай дапамогі «Школьны сад» калектыў збіраецца заваяваць новыя гранты. Педагогі і іх выхаванцы абнавілі сад, перапланавалі прышкольны ўчастак, на якім, акрамя гародніны, збіраюцца вырошчваць туі, лекавыя травы для фітачаёў.
Сярод падарункаў – і абсталяванне для вучэбна-практычнага цэнтра па вывучэнні асноў бяспекі жыццядзейнасці, і пляцоўка МНС.
Усё гэта – заахвочванне за працу калектыву, які за свае сродкі і пры дапамозе СВК «Маяк Браслаўскі» падтрымлівае будынак у добрым стане.
Але сярод крытэрыяў Міністэрства адукацыі, па якіх ацэньвалася праца школ, была не толькі матэрыяльная база. Большасць датычылася прафесіяналізму настаўнікаў, якасці адукацыі і ўзроўню развіцця навучэнцаў, захавання тэхнікі бяспекі. Апсаўская школа і тут выйграла ў канкурэнтаў. 85% педагогаў маюць вышэйшую і першую катэгорыі. Сярод іх ёсць прызнаныя лепшымі па прафесіі, уладальнікі звання «Чалавек года Браслаўшчыны», прэтэндэнты на абарону катэгорыі настаўніка-метадыста. Заканамерны вынік працы прафесіяналаў – поспех навучэнцаў. У мінулым годзе на іх рахунку было 48 дыпломаў за перамогу ў алімпіядах, творчых конкурсах, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных.
– Мы стараемся, каб сельскія дзеці ў прадметнай падрыхтоўцы, творчым развіцці не саступалі гарадскім школьнікам, паспяхова вучыліся, атрымлівалі прафесіі, патрэбныя грамадству. І, вядома, былі патрыётамі сваёй краіны, – падкрэсліла Святлана Курбан. – У гэтым напрамку разам з педагогамі мэтанакіравана працуе школьная арганізацыя БРСМ, якая ў мінулым годзе была прызнана лепшай у вобласці.