Лепшага маладога сейбіта Віцебскай вобласці вызначыць конкурс прафмайстэрства
7 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў Віцебскай вобласці пачнецца 8 кастрычніка ў Бешанковіцкім раёне, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашко.
На яго думку, такія мерапрыемствы прапагандуюць перадавы вопыт і павышаюць майстэрства, спрыяюць росту прэстыжу рабочай прафесіі, стымулююць моладзь да ўдзелу ў рэалізацыі дзяржаўнай аграрнай палітыкі.
У сёлетнім, шостым па ліку конкурсе прымаюць удзел 42 маладыя механізатары з 21 раёна. Усе яны не старэйшыя за 31 год, але ўжо з'яўляюцца пераможцамі раённых конкурсаў прафмайстэрства. Абласныя спаборніцтвы будуць праходзіць у два туры. На першым, тэарэтычным, канкурсантам трэба будзе адказаць на 100 пытанняў. Прылада сельгасмашын, ахова працы і правілы дарожнага руху, асновы аграноміі і сельгасвытворчасці - гэта толькі невялікі пералік тэм, якія павінен ведаць механізатар.
Практычны тур, самы відовішчны і захапляльны, пройдзе 9 кастрычніка. Удзельнікам трэба будзе падрыхтаваць агрэгат да працы і правесці ўспароўванне зябу на ўчастку памерам 36х100 м. Патрабаванні ў журы да якасці работы будуць жорсткімі: адхіленне ад прамалінейнасці першай разоры не павінна перавышаць 10 см, а глыбіня ўспароўвання павінна быць 7 см, за кожныя 2 см адхіленняў у той ці іншы бок налічваюцца штрафныя балы. Акрамя гэтых патрабаванняў журы ацэніць і падрыхтоўку трактара да работы, і знешні выгляд канкурсанта. Спаборніцтвы будуць праходзіць на трактарах "Беларус-1221" з выкарыстаннем паўнавесных абаротных плугоў.
Завершацца спаборніцтвы 10 кастрычніка ўзнагароджаннем пераможцаў у асабістым і камандным першынствах. Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца аддзел па справах моладзі аблвыканкама, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, абкам прафсаюзаў работнікаў АПК, упраўленне адукацыі аблвыканкама.-0-