Найлепшага маладога следчага вызначаць у Віцебскай вобласці

Да 19 жніўня на базе Віцебскага кадэцкага вучылішча праходзіць вучэбна-метадычны збор з супрацоўнікамі следчых падраздзяленняў рэгіёну, стаж службы якіх не перавышае двух гадоў, паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.

Следчым трэба будзе прайсці выпрабаванні па агнявой, фізічнай падрыхтоўцы і баявых прыёмах барацьбы, прадэманстраваць веды крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, магчымасцей сучаснай крыміналістычнай тэхнікі, а таксама навыкі работы на месцы здарэння.

Па выніках выканання ўсіх мерапрыемстваў і будзе вызначаны лепшы малады следчы вобласці. Акрамя конкурсных выпрабаванняў для ўдзельнікаў падрыхтавана адукацыйная праграма, якая ўключае як тэарэтычную, так і грунтоўную практычную частку. Маладыя следчыя атрымаюць магчымасць папрацаваць у камандзе з больш вопытнымі калегамі на спецыяльна падрыхтаваных палігонах, абстаноўка на якіх набліжана да рэальных падзей. Навучанне на аб'ектах будзе праводзіцца як у дзённы, так і ў начны час. Арганізатарамі максімальна дакладна змодэляваны месцы дарожна-транспартных здарэнняў, забойстваў, а таксама выбухаў.

Акрамя таго, у распараджэнне супрацоўнікаў прадастаўлена ўся неабходная крыміналістычная тэхніка, у тым ліку перасоўная крыміналістычная лабараторыя Следчага камітэта. Вучэбна-метадычны збор з маладымі супрацоўнікамі следчых падраздзяленняў вобласці праводзіцца з мэтай набыцця следчымі практычных навыкаў, якія выкарыстоўваюцца пры выкананні службовых абавязкаў, асваення тактыкі правядзення следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, а таксама стварэння станоўчага міжасобаснага клімату, выхавання супрацоўнікаў у духу грамадзянскасці, патрыятызму, з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця.

Алена Ціханава, БЕЛТА.