Лепшага грамадскага эколага года выбралі ў Віцебскай вобласці
Аксана Пачэпка з вучнямі Дзянісам Церашкам, Вікторыяй Шарэгавай, Аленай Верхавіч
Нядаўна з калегамі была ў трохдзённай экспедыцыі па Белавежскай пушчы, – кажа Аксана Паўлаўна. – У першую чаргу нас цікавілі экалагічныя сцежкі. Ёсць ідэя стварыць аглядныя пляцоўкі на балоце Ельня і з боку Шаркаўшчыны, падобна да тых, што зроблены на тэрыторыі Мёрскага раёна.
Ураджэнка гарпасёлка Шаркаўшчына пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта вярнулася на малую радзіму. Амаль 20 гадоў яна працавала ў СШ №1, якую ў свой час скончыла сама.
– І вось ужо 5 гадоў працую настаўнікам біялогіі ў СШ №2, – працягвае Аксана Паўлаўна. – Гэта школа з эстэтычным ухілам выхавання падрастаючага пакалення. Хоць у апошні час усё больш увагі надаецца экалагічным пытанням. Не толькі педагогі, але і бацькі зацікаўлены ў гэтым: дапамагаюць, прымаюць удзел у акцыях і тэматычных мерапрыемствах.
Экалагічны клуб «Зялёны патруль» і гурток «Крылаты дазор», створаны пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», рэгулярна наведвае больш за 20 навучэнцаў.
– Рабят захапляе вывучэнне разнастайнасці навакольнага свету. Напрыклад, вучань 4-га класа Дзяніс Церашка з’яўляецца ўдзельнікам многіх экалагічных конкурсаў, – кажа Аксана Пачэпка. – У ліку пастаянных актывістаў і сямікласніцы Вікторыя Шарэгава і Алена Верхавіч.
Навучэнцы СШ №2, якая мае статус зялёнай школы, не першы год задзейнічаны ў розных міжнародных экалагічных праектах, у тым ліку па пытаннях энергазберажэння, даследавання малых рэк басейна ракі Дзісна. Не раз шаркаўчане бачылі ля кромкі вады рабят з пераноснай хімічнай лабараторыяй, якая дазваляе праверыць наяўнасць шкодных рэчываў. У перспектыве Аксана Паўлаўна плануе ўладкаваць экалагічную сцежку ад школы да берага Дзісны.
– Асаблівых патрабаванняў да грамадскіх экалагічных актывістаў няма, – тлумачыць Аксана Пачэпка. – Стараюся рабіць тое, што лічу патрэбным. Наведваю розныя канферэнцыі, наладжваю кантакты з грамадскімі арганізацыямі, якія займаюцца вывучэннем навакольнага асяроддзя, разам з дзецьмі прымаю ўдзел у даследчых працах. Гэта цікава, а галоўнае – неабходна для захавання прыгажосці роднага краю, выхавання годных грамадзян краіны.
Напрыклад, у межах агульнаеўрапейскай кампаніі «Жывая вясна» шаркаўчане назіралі за птушкамі, у прыватнасці белымі бусламі. Каб падлічыць гнёзды, арганізавалі велапаход. Вынікам працяглых даследаванняў стала першае месца на рэспубліканскім этапе адукацыйнай праграмы «Бусел».
У спісе каштоўных узнагарод – перамогі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Зялёная школа», у міжнародным дзіцячым экалагічным форуме «Зялёная планета». Летась шаркаўчане занялі другое месца ў рэспубліканскім конкурсе «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак». Прымалі актыўны ўдзел у агульнарасійскім конкурсе «Ахоўнікі вады».
– Разам з педагогам Германовіцкай школы Марынай Фёдаравай, у свой час таксама названай лепшым грамадскім экалагічным актывістам Віцебшчыны, не раз ездзілі на балота Ельня, каб правесці падлік асобін шэрага жураўля, – кажа Аксана Пачэпка. – У мінулы раз мне таксама дапамагаў муж Расціслаў. Тады з ім за некалькі гадзін налічылі больш за тысячу птушак. Развешваем штучныя гнёзды для соў і драпежных птушак у лесе. Ганаруся тым, што два гады таму стала ахоўнікам ТВП «Балота Ельня». Гэта да шмат чаго абавязвае.
Не можа абыякава прайсці лепшы эколаг і міма несанкцыянаваных звалак, якія сустракаюцца, на жаль, не толькі на ўскраінах вёсак, але нават на тэрыторыі пасёлка, каля ракі. А бо ў сотнях метраў устаноўлены кантэйнеры для смецця.
– Нібыта не бачаць іх, а каля звалкі яшчэ і траву абкосяць, каб зручней было падыходзіць, складаць смецце, – з абурэннем адзначае Аксана Паўлаўна. – Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя хутка рэагуе на ўсе званкі, выпісвае штрафы, заклікае людзей да адказнасці. А нашы хлопцы не лічаць зашмат прыбраць смецце, ачысціць прыбярэжную паласу. Я заклікаю ўсіх любіць свой край, берагчы яго бясцэнны скарб – прыроду.
Дзіяна Берніковіч, "Віцебскія весці".