Найлепшай лёгкаатлеткай Беларусі мінулага года прызнана віцебская бягуха Аліна Талай
Такое рашэнне прынялі выканкам Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і трэнерскі савет нацыянальнай каманды. 2012-ы аказаўся для спартсменкі родам з Оршы вельмі выніковым і прынёс не толькі ўзнагароды, але і асабістыя рэкорды. Аліна стала ўладальніцай «бронзы» ў бегу на 60 метраў з бар'ерамі на чэмпіянаце свету ў закрытых памяшканнях у Стамбуле, заваявала сярэбраны медаль у бегу на 100 метраў з бар'ерамі на чэмпіянаце Еўропы ў Хельсінкі. На Алімпіядзе ў Лондане наша зямлячка выйшла ў паўфінал бегу на 100 метраў, а ў кваліфікацыі гульняў усталявала асабісты рэкорд – 12,71 секунды. Лепшым трэнерам года па працы з асноўным складам прызнаны настаўнік Аліны Віктар Мяснікоў.
Як растлумачыў дзяржаўны трэнер па лёгкай атлетыцы Віцебскай вобласці Ігар Галаўнёў, спыняцца на дасягнутым гэты дуэт не збіраецца. Наперадзе важны старт – чэмпіянат Еўропы ў закрытых памяшканнях, які пройдзе ў сакавіку ў Швецыі. Цяпер Аліна Талай старанна трэніруецца ў Рэспубліканскім цэнтры падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы ў Мінску. А абласная федэрацыя лёгкай атлетыкі, узначаленая дырэктарам Віцебскага аддзялення РУП «Белтэлекам» Аляксандрам Боханам, тым часам рыхтуецца ўшанаваць знакамітую зямлячку.