Лепшыя аграэкасядзібы вызначаны ў Віцебскай вобласці
Найлепшыя аграсядзібы вызначаны ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама.
У намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый" найлепшай прызнана аграсядзіба "Чыстыя ключы" (Віцебскі раён, вёска Камунарка), у намінацыі "Здаровы лад жыцця" не было роўных аграсядзібе "Бяседы" (Лепельскі раён, вёска Пунішча). У намінацыі "Гасціннасць" перамагла аграсядзіба " Славяначка" (г.п. Баравуха), "Экасядзібай года" у Віцебскай вобласці стала аграсядзіба "У Нінель" (Лёзненскі раён, вёска Пушкі). Неперасягнай па стылі і гармоніі аказалася аграсядзіба "Разета" (Браслаўскі раён, вёска Разета).
Лаўрэатамі конкурсу сталі аграсядзібы з Мёрскага, Расонскага, Пастаўскага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага і Дубровенскага раёнаў. Усяго за перамогу ў конкурсе, які праводзіцца з 2009 года, змагаліся каля 40 аграсядзіб рэгіёна. З кожным годам ён прыцягвае ўсё большую ўвагу ўдзельнікаў.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу адбудзецца 17 кастрычніка ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Акрамя ганаровых дыпломаў і прызоў гаспадары найлепшых аграсядзіб атрымаюць магчымасць пазмагацца за прэстыжныя ўзнагароды на рэспубліканскім узроўні.
Вольга Багачова