Лепшыя бубначы Беларусі, Літвы і Польшчы выступяць на «Славянскім базары ў Віцебску»
3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Незвычайны канцэрт чакае гасцей і жыхароў Віцебска на юбілейным ХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар" 11 ліпеня. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары выступлення, на сцэну канцэртнай залы "Віцебск" выйдуць лепшыя бубністы Беларусі, Літвы і Польшчы з шоу-праграмай "Багі рытму".
З Польшчы ў Беларусь прыедуць Станіслаў Скочыньскі - вядомы музыкант-перкусіяніст, прафесар Варшаўскай акадэміі музыкі, заснавальнік міжнароднага перкусійнага фестывалю Crossdrumming у Варшаве і папулярны дуэт Hob-beats у складзе Магдалены Кордылясіньскай і Мілаша Пекалы. Hob-beats прымаў удзел у шматлікіх фестывалях Польшчы, Швейцарыі, Бельгіі, Даніі, Японіі і іншых краін.
Гасцямі з суседняй Літвы стануць вядомы ансамбль Giunter percussion і яго лідар ударнік-шоўмен Павел Гюнтер.
Беларусь прадставіць ансамбль Grig - percussion group, добра вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі. Калектыў часта выступае на сцэне Белдзяржфілармоніі, гастралюе па краіне і за мяжой, прымае ўдзел у міжнародных фестывалях, запісвае праграмы на беларускім тэлебачанні і радыё. У 2007 годзе на Radio France выйшаў сольны СD ансамбля "Night of the Moon dances", які з поспехам прадаецца ў Еўропе.
Арганізатары канцэрта спадзяюцца, што экзатычныя інструменты і запальныя рытмы з элементамі магіі і тэатра прыцягнуць дасведчаных гледачоў, нягледзячы на вялікую колькасць мерапрыемстваў фестывалю. Увечары 11 ліпеня разам з " багамі рытму" публіка зможа трапіць на карнавал у Рыа-дэ-Жанейра, апынуцца ў афрыканскай вёсцы, стаць сведкамі вудуісцкага рытуалу вострава Гаіці, перанесціся ў самурайскую Японію і пабываць на святой зямлі Ізраіля.-0-