Лепшыя людзі Віцебшчыны ўпершыню будуць узнагароджаны спецыяльным нагрудным знакам

18 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Нагрудны знак "Чалавек года Віцебшчыны" заснаваны Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Упершыню гэтая ўзнагарода будзе ўручана разам з дыпломам "Чалавек года Віцебшчыны", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама. У цэнтральнай частцы нагруднага знака размешчана выява вялікага герба Віцебскай вобласці, зялёны колер стужкі запазычаны з колеру сцяга рэгіёна. Такім чынам, асноўныя элементы і спалучэнне колераў нагруднага знака "Чалавек года Віцебшчыны" удала раскрываюць яго прызначэнне. Як падкрэслілі ў аддзеле акадравай работы, ганаровае званне з'яўляецца формай заахвочвання за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці, за паспяховыя і самаадданыя дзеянні па выратаванні людзей, забеспячэнні законнасці і правапарадку, за высокія дасягненні ў галіне навукі, адукацыі, культуры, спорту, актыўную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую дзейнасць, а таксама за іншыя дасягненні, якія прынеслі вядомасць Віцебскай вобласці і атрымалі прызнанне грамадства. Па выніках 2009 года ганаровае званне "Чалавек года Віцебшчыны" будзе прысуджана 100 жыхарам вобласці. Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод пройдзе ў Віцебску 23 студзеня.-0-