Лепшыя працы "Арт-сесіі" будуць экспанавацца ў культурнай сталіцы Беларусі-2010 Полацку
21 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшыя работы XIX Міжнароднага конкурсу-выставы візуальных мастацтваў студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў "Арт-Сесія" будуць экспанавацца ў культурнай сталіцы Беларусі 2010 года Полацку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня журы дырэктар Полацкай мастацкай галерэі Ларыса Лысенка.
Экспазіцыя з 40 работ на працягу месяца будзе дэманстравацца ў Полацкай мастацкай галерэі. Акрамя таго, гэтыя творы ўвойдуць у каталог, які ўпершыню будзе выпушчаны па выніках конкурсу.
"Арт-сесія" адкрылася ў Віцебску 20 мая. У гэтым годзе залікі здавалі студэнты 14 навучальных устаноў з Беларусі, Латвіі і Расіі, якія прадставілі работы ў раздзелах "Жывапіс", "Графіка", "Скульптура", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", "Дызайн", у асобным конкурсе "Льняная сукенка" і ў спецыяльна зацверджанай намінацыі "Аповесць мінулых гадоў. Працяг", прысвечанай Полацку ў сувязі з яго аб'яўленнем культурнай сталіцай Беларусі ў 2010 годзе. За перамогу ў іх "арт-стыпендыі" аднаго дня ўручаны студэнтам Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ), Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і Латгальскага філіяла Латвійскай акадэміі мастацтваў.
Адметна, што ў намінацыі, прысвечанай Полацку, перамога не прысуджалася. "Удзельнікам не хапіла ведаў аб духоўнай жамчужыне Беларусі, каб стварыць шчырыя, глыбокія вобразы і раскрыць дадзеную тэму", - адзначыла старшыня журы.
Спецыяльных прызоў Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў, а таксама гарадской думы Рэзекнэ ўдастоены студэнты, якія прадстаўлялі на конкурсе ВДТУ і Дзяржаўны інстытут кіравання сацыяльных тэхналогій БДПУ.
У Віцебску выстава лепшых работ "Арт-сесіі" будзе працаваць да 22 мая.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне культуры і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, Цэнтр культуры "Віцебск" пры садзейнічанні Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў.-0-