Лепшыя СМІ і журналістаў вобласці ўзнагародзілі ў Віцебску
– Сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай. Якасць інфармацыйнага прадукту вызначаюць ваша грамадзянская пазіцыя, інтэлект, веды, аб'ектыўнасць і сумленнасць. Гэта няпроста – дайсці да ісціны, дапамагчы чытачам, гледачам, слухачам разабрацца ў тым, што адбываецца ў свеце. Вы ўдзельнічаеце ў стварэнні сацыяльнага настрою людзей, іміджу вобласці. Ваша пазіцыя павінна заключацца ў тым, каб выяўляць недахопы, аналізаваць прычыны і паказваць шляхі рашэння, – звярнуўся Мікалай Шарснёў да журналісцкай браціі.
Менавіта па такім прынцыпе працуюць рэдакцыі, якія сталі пераможцамі абласнога творчага конкурсу друкаваных СМІ на прэмію імя Францыска Скарыны і электронных – на прэмію “Віцязь” за 2017 год, вынікі якіх падведзены ва ўрачыстай абстаноўцы ў аблвыканкаме.
Так, лепшымі газетамі рэгіёну прызнаны раённыя выданні “Родныя вытокі” (Докшыцы) і “Веснік Глыбоччыны” (Глыбокае).
Лепшым афіцыйным інтэрнэт-рэсурсам друкаваных СМІ названы сайт абласной газеты «Віцебскія весці».
За творчыя праекты адзначаны собкор БелТА па Віцебскай вобласці Алёна Ціханава, карэспандэнцкае віцебскае бюро Белтэлерадыёкампаніі і калектыў рэдакцыі «Лепельскі край».
Прэміяй «Віцязь» узнагароджаны наваполацкі «Вектар ТБ» і радыёпраграма «Раніца Прыдзвіння» ТРК «Віцебск». Узнагароду з рук старшыні аблвыканкама атрымалі і асобныя прадстаўнікі прафесіі, у тым ліку фотарэпарцёр гарадской газеты “Віцьбічы” Алег Клімовіч.
Свае падзякі за эфектыўнае супрацоўніцтва журналістам уручылі Следчы камітэт, УУС, абласная пракуратура, аб'яднанне прафсаюзаў.