Лепшыя танцоры з 14 краін збяруцца на «Віцебскай сняжынцы»
17 і 18 студзеня ў канцэртнай зале «Віцебск» пройдзе Міжнародны конкурс па спартыўных бальных танцах «Віцебская сняжынка-2015». Турнір стане ўжо трыццатым па ліку.
У канцэртнай зале «Віцебск» на працягу двух дзён конкурсу на паркеце сустрэнуцца танцавальныя пары з Беларусі, Германіі, Галандыі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Румыніі, Чэхіі, Украіны. Кожная пара прадставіць па дзве танцавальныя праграмы – еўрапейскую і лацінаамерыканскую.
У міжнародным конкурсе выступяць прадстаўнікі ўсіх узроставых груп – ад 5 да 35 гадоў і старэй. Па выніках прадстаўленых нумароў у еўрапейскай і лацінаамерыканскай праграмах журы вызначыць пераможцаў у кожнай намінацыі. Паглядзець на выступленні ўдзельнікаў можна будзе 17 і 18 студзеня ў 10:00, 14:00 і 18:00 у канцэртнай зале «Віцебск».
У праграме
«Віцебскай сняжынкі» ўключаны паказальныя выступленні чэмпіёнаў Германіі сярод прафесійных выканаўцаў спартыўнага бальнага танца па лацінаамерыканскай праграме Аксаны Лебедзевай і Іллі Руссо, пераможцаў Блэкпулскага фестывалю ў Англіі па еўрапейскай праграме Гражыны Гамбіцкай і Шымана Каліноўскага, а таксама фіналістаў чэмпіянату свету сярод ансамбляў па еўрапейскай праграме, чэмпіёнаў Беларусі – каманды «Універс» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту.