Найлепшыя тавары ад малога бізнэсу прадстаўлены на кірмашы ў фестывальным Віцебску
Сёлета продажы стартуюць 13 ліпеня, традыцыйна яны пройдуць на дзвюх пляцоўках — у цэнтры горада насупраць Віцебскага ўнівермага ( вул. Замкавая) і каля культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна».
– Ужо больш за 20 гадоў выстава-кірмаш становіцца пляцоўкай, дзе сярэдні і малы бізнес можа прадэманстраваць свае дасягненні, што спрыяюць яго развіццю, павелічэнню даходаў, удасканаленню дзелавога супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі вытворцамі, – адзначыла дырэктар ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу» Ірына Макаранка. – На выставу-кірмаш сёлетняга юбілейнага форуму мы запрасілі лепшыя прадпрыемствы і арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў як з нашай краіны, так і з-за яе межаў. Гэта фірма «Яраслаўна» з Яраслаўскай вобласці, ТАА «Антураж» і атэлье-студыя «Славянка» з Масквы, вытворчы кааператыў «Лама» з Мінска і іншыя. Усяго – каля 50 удзельнікаў.
Асартымент тавараў, як заўсёды, шырокі. Тут без працы абновяць гардэроб прадстаўніцы прыгожага полу. Ім будзе прадстаўлены вялікі выбар касцюмаў, сукенак, сарафанаў, спадніц, штаноў з натуральных тканін. Дасведчаныя прадаўцы дапамогуць падабраць адпаведны аксэсуар да ўбору – элегантную сумачку, упрыгожванне з натуральных камянёў, хустку з шоўку. Тыя, хто загадзя рыхтуецца да восені і нават зімы, будуць прыемна здзіўлены: на выставу-кірмаш вытворцы прывязуць разнастайныя галаўныя ўборы з натуральнага футра і скуры, футравыя вырабы з натуральнага футра, прычым па прымальных цэнах.
Таксама ў прадстаўнікоў малога бізнесу можна будзе набыць арыгінальныя тавары для дома, галантарэйную і сувенірную прадукцыю, што дазволіць прыўнесці новыя ноткі ў звыклы інтэр'ер або парадаваць блізкіх удалым падарункам.
Выстава-кірмаш прадоўжыцца да 20 ліпеня.