Найлепшыя ў Беларусі надоі малака ў СПК «Ларынаўка» Аршанскага раёна
У мінулым годзе ў СПК «Ларынаўка» атрымалі ад каровы больш за 11 тысяч кілаграмаў малака. Гэта лепшы вынік у краіне. Перадавыя пазіцыі гаспадарка пад кіраўніцтвам вопытнага аграрыя Аляксандра Кухценкова ўтрымлівае ўжо не першы год.
Дыктатура тэхналогіі, дысцыпліна і высокакваліфікаваныя кадры – вось тая ланцужок, з якога складаецца поспех СПК, дзе сёння працуюць крыху больш за 70 чалавек. Варта адзначыць, што ў ларынаўцаў высокія вынікі не толькі ў вытворчасці малака, наперадзе ўсіх яны і ў раслінаводстве. Ураджайнасць збожжавых культур тут з году ў год не ніжэй за 80 цэнтнераў з гектара. А гэта найвышэйшы паказчык у Віцебскай вобласці.
Вытворчасць малака ў «Ларынаўцы» – асноўная галіна. На яе і робяць стаўку. Пару гадоў таму ў гаспадарцы сур'ёзна задумаліся над павелічэннем пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Узвялі тры арочнікі, кожны на 300 галоў буйной рагатай жывёлы, хутка пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго. У гэтых «шатрах» (а на іх зборку сыходзіць усяго некалькі месяцаў) буранкі жывуць у камфортных умовах: цепла,
светла і прасторна. Высокія вынікі дасягаюцца за кошт збалансаванага харчавання, высакаякасных кармоў, добрага догляду і зладжанай працы, перш за ўсё, калектыву малочна-таварнага комплексу «Шугайлава». Людзі – вось галоўны рэсурс паспяховай гаспадаркі. Тут высока цэняць працу спецыялістаў. Кожны на вагу золата. Залішніх работнікаў папросту няма. МТК абслугоўваюць усяго 25 чалавек. Звяно аператараў машыннага даення ў складзе Вольгі Марчанка, Святланы Міхайлавай, Юліі Герасіменок, Алены Макаевай, Алены Рачонак, Алены Кухаранка – пастаянны лідар раённых і абласных спаборніцтваў па вытворчасці малочнай прадукцыі. Дарэчы, за снежань і чацвёрты квартал 2019 года яны зноў сталі пераможцамі. Такія работнікі, як Вольга Марчанка і Святлана Міхайлава, у СПК «Ларынаўка» працуюць не адно дзесяцігоддзе. Сваёй прафесіяй яны ганарацца і працуюць заўсёды з душой.
– Усяго на комплексе 770 галоў дайнага статка, – расказвае галоўны заатэхнік СПК «Ларынаўка» Дзмітрый Туравец. – Адкрыты новы даільны зала «Еўрапаралель 2х16». Для пастэрызацыі малака і выпойвання цялят працуюць тры малочныя таксі.
Догляд за буранкамі ў гэтай гаспадарцы – працэс адладжаны. Напрыклад, нованароджаных цялят да 15 дзён выпоiваюць каластрывам. Жывуць яны ў індывідуальных доміках. Паступова малых прывучаюць да прыкорму – канцэнтраваных кармоў, у якіх утрымліваецца шмат энергетычных рэчываў. Яны дапамагаюць цялятам паўнавартасна развівацца. Праз 60 дзён цяляты з ясельнай групы перасяляюцца ў
юрты – групавыя домікі, дзе вучацца жыць у калектыве. А калі вырастаюць, жывуць у арачніках. Сёння на МТК «Шугайлава» налічваецца 2104 галовы КРС.
Дасягнуты ў мінулым годзе паказчык прадукцыйнасці, як вядома, усярэдні. Рэкорд гаспадаркі належыць буранцы Малышцы з надоем 17 428 кілаграмаў малака. Яе равесніца Мілашка дала 15 706 кілаграмаў, яшчэ ад адной рэкардсменкі-рагулі па мянушцы Рамонак надаілі 15 270 кілаграмаў «белага золата». Рубеж у 11 042 кілаграмы для «Ларынаўкі» не мяжа.
– Час не стаіць на месцы, – кажа старшыня СПК Аляксандр Кухценкоў. – Усё хутка мяняецца і ў нашай сферы. Бо хто стаў – той адстаў. Таму мы не маем права таптацца на месцы. Толькі рух наперад прыносіць вынікі. Безумоўна, трымаць высокую планку заўсёды няпроста, але вынік будзе тады, калі ў гэтым зацікаўлены ўвесь калектыў.
У “Ларынаўцы” працуюць па прынцыпе: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, таму наперадзе – новыя перамогі і вяршыні. І яны абавязкова пакорацца лепшай гаспадарцы краіны.
Анастасія ТУРОК, «Віцьбічы».